Беларусь не выйшла ў лёгкаатлетычную эліту
Беларусь не змагла выйсці ў эліту каманднага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы. Беларускія лёгкаатлеты занялі другое месца на камандным чэмпіянаце Еўропы ў першай лізе, які завяршыўся ў нарвежскім Санднэсе. Наша каманда набрала 281 ачко. Пуцёўку ў суперлігу-2021 заваявалі партугальскія спартоўцы.
Беларускі пакідаюць элітны дывізіён моладзевага еўрабаскета
Беларускія баскетбалісткі не змаглі ўтрымацца ў элітным дывізіёне моладзевага чэмпіянату Еўропы. У чэшскім горадзе Клатавы у сваім перадапошнім матчы суцяшальнага турніру за 13-16-е месцы беларускі саступілі аднагодкам з Партугаліі – 42:82. Падначаленыя Лідзіі Мацаль правядуць заключны паядынак з камандай Нямеччыны, якая таксама пакідае эліту. Трэці няўдачнік турніру вызначыцца ў матчы Нідэрлянды – Партугалія.
БАТЭ разграміў «студэнтаў» у 17-м туры чэмпіяната краіны
Футбалісты БАТЭ разграмілі менскі „Энергетык-БДУ” з лікам 4:1 у 17-м туры чэмпіянату Беларусі. Усе мячы ў паядынку на „Барысаў-Арэне” былі забітыя ў першым тайме, прычым ужо на зыходзе паўгадзіны гульнявога часу гаспадары вялі 4:0. Спачатку мяч у сваю браму адправіў паўабаронца менчукоў Дэвід Твэ, а затым Ясе Туомінен, Эрвейн Мукам і Станіслаў Драгун яшчэ тройчы засмуцілі брамніка Аляксея Харытонавіча. За 7 хвілін да перапынку Усевалад Садоўскі адыграў адзін гол, усталяваўшы канчатковы лік.
У сталічным дэрбі футбалісты „Дынама” на сваёй арэне двойчы саступалі „Мінску”, але ў выніку здолелі вырваць перамогу – 3:2. Яшчэ ў адным нядзельным матчы „Віцебск” прайграў „Гарадзеі” з лікам 0:2. Вынікі іншых сустрэч: „Дняпро” (Магілёў) – „Дынама” (Берасце) – 0: 1, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – „Славія” (Мазыр) – 1:1, „Гомель” – „Слуцк” – 3:4. Заключны матч 17-га тура адбудзецца сёння ў Салігорску, дзе мясцовы „Шахцёр” будзе супернічаць з гарадзенскім „Нёманам”.
Становішча ў лідыруючай групе: „Дынама” (Берасце) – 42 ачкі, БАТЭ – 40, „Шахцёр” – 31 ачко.
Лэмпард пачаў трэнерскую кар’еру ў «Чэлсі» з разгрома ад «МЮ»
Матчам паміж „Манчэстар Юнайтэд” і „Чэлсі” завяршылася праграма першага тура чэмпіянату Англіі. „Чырвоныя д’яблы” на сваім полі разграмілі лонданскі клуб з лікам 4:0. Дубль у складзе пераможцаў аформіў Маркус Рэшфард. Ён вызначыўся на 18-й і 67-й хвілінах матчу. Свой першы гол Рэшфард забіў з пенальці. Таксама за „Манчэстар Юнайтэд” вызначыліся Антані Марсьяль і Дэніэл Джэймс. Свой першы афіцыйны матч у якасці галоўнага трэнера „Чэлсі” правёў Фрэнк Лэмпард. У іншай сустрэчы дня лонданскі „Арсенал” у гасцях адолеў „Ньюкасл Юнайтэд” з лікам 1:0.
Ташкенцкі клуб буйна перамог „зуброў”
Хакеісты „Дынама-Мінск” прайгралі ташкенцкаму „Хумо” з лікам 1:5 у паядынку за 3-е месца на Кубку губернатара Ніжагародскай вобласці. На групавой стадыі турніру „зубры” былі мацней за супернікаў са сталіцы Узбекістана – 6:3. У гэтым жа матчы менчукі выставілі эксперыментальны склад. Не аказалася ў заяўцы на гульню Франсіса Парэ, Андрэя Касціцына, братоў Маляўкаў і Вячаслава Грэцкага. У заключным перыядзе пры ліку 0:5 намаганнямі Аляксандра Паўловіча дынамаўцам атрымалася адыграць адну шайбу. Неўзабаве Іван Драздоў атрымаў шанец на буліт, але не змог рэалізаваць штрафны кідок. Пасля вяртання з Расеі менскае „Дынама” 17 і 18 жніўня згуляе ў вырашальнай стадыі Кубка Беларусі ў Воршы.
Васілеўскі выйграў парны турнір у Аўгсбургу
Беларуска-славацкі дуэт Андрэй Васілеўскі/Ігар Зеленай стаў пераможцам парнага тэніснага турніру ў нямецкім Аўгсбургу. У фінале яны ў трох сэтах перайгралі харвацкіх супернікаў Івана і Мацея Шабанавых – 4:6, 6:4, 10:3. Раней паведамлялася, што беларуска Вікторыя Азаранка і аўстралійка Эшлі Барці не змаглі прабіцца ў фінал буйнога турніру ў Таронта.
Лапко прыпыняе выступы ў вялікім тэнісе з-за праблем са здароўем
Беларуская тэнісістка Вера Лапко датэрмінова завяршыла сезон і прыпыняе кар’еру праз праблемы са здароўем. Як распавяла TUT.by 20-гадовая спартоўка, у яе цяпер аслаблены імунітэт, а курс вітамінаў не дае выніку. Да таго ж Вера мае захворванне каленнага сустава пасля атрыманай летась траўмы. Таксама тэнісістка вымушаная была развітацца з трэнерам Уладзімірам Круком і цяпер выкарыстоўвае паўзу ў сваёй кар’еры як спосаб падзарадзіцца. У лютым Вера Лапко займала 60-е месца ў рэйтынгу WTA і мела шансы ўвайсці ў ТОП-50. Рашэнне наконт працягу выступаў яна прыме ў пачатку наступнага года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by