Беларусь – Паўночная Ірляндыя – 0:1
У сваім чацвёртым матчы адборавага турніру да Еўра-2020 футбольная зборная Беларусі прымала ў Барысаве нечаканага лідара групы – Паўночную Ірляндыю. Сустрэча завяршылася паразай гаспадароў – 0:1.
Ігара Крывушэнку шмат крытыкавалі за выбраны склад на папярэднюю гульню з Нямеччынай. Трэнер сам прызнаўся, што пабярог тады некалькі ключавых гульцоў. Відавочна з разлікам на сустрэчу з брытанцамі. І сапраўды ў стартавай абойме на гульню з ольстэрцамі выйшлі Ігар Стасевіч і Павал Няхайчык, якія былі не задзейнічаны ў спаборы з немцамі. А ў другой палове на замену выйшаў і Сяргей Кісляк. Роля наканечніка атакі была адведзена Яўгену Шыкаўку, які, аднак, зусім сябе не праявіў.
У першым тайме было шмат змагання і мала вастрыні. Паўночныя ірляндцы стараліся прэсінгаваць, беларусы імкнуліся гнуць сваю лінію. У дргой палове пайшло крыху весялей, паколькі абедзве дружыны не асабліва задавальняла нічыя.
На 70-й хвіліне быў блізкі да поспеху Ігар Стасевіч, але брамнік гасцей адбіў мяч. Крыху ажывіў беларускую атаку і выйшаўшы на замену Дзяніс Лапцеў. Але ў цэлым беларусам бракавала камбінацыйнасці.
Затым шэраг вострых момантаў стварылі ольстэрцы, але брамнік Аляксандр Гутар разам з абаронцамі адбіліся. У заключныя 20 хвілін госці выглядалі мацней фізічна. Вырашальнай стала 87-я хвіліна – Патрык Макнэйр элементарна абыграў Маеўскага і не пакінуў Гутару шанцаў.
Чацвёртая параза запар пакідае Беларусь у гэтым адборы безнадзейным аўтсайдарам.
У гэтай жа групе Германія разграміла Эстонію – 8:0.
Турнірнае становішча ў квінтэце „С” зараз такое: 1. Паўночная Ірляндыя – 12 ачкоў (4 гульні), 2. Германія – 9 (3), 3. Нідэрлянды – 3 (2), 4. Эстонія – 0 (3), 5. Беларусь – 0 (4).
Хельмут Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя