Беларусь пазбаўленая ачкоў у Кубку Дэвіса і права правесці хатні матч



Беларуская тэнісная федэрацыя грашова штрафаная, зборная Беларусі была пазбаўленая 41 ачка ў рэйтынгу Кубка Дэвіса. Мужчынская зборная Беларусі на выездзе згуляе з камандай Нямеччыны ў матчы кваліфікацыі Кубка Дэвіса 6-7 сакавіка. Гэты паядынак па чарговасці павінен быў праходзіць у Менску. Беларуская тэнісная федэрацыя была пакарана за неадпаведнасць корта ў Палацы тэніса стандартам, перадае pressball.by.

Яшчэ ў 2008 годзе ўступіла ў сілу правіла ацэнкі хуткасці корта ў рамках правядзення матчаў Кубка Дэвіса і Кубка федэрацыі. У выніку тэхнічныя прадстаўнікі ITF падчас матчу Беларусь – Партугалія выявілі недапушчальна высокую хуткасць мяча пры адскоку ад менскага хардовага корта.

Менскае «Дынама» перапыніла серыю з 12 паразаў у чэмпіянаце КХЛ

Хакеісты менскага «Дынама» абыгралі чарапавецкую «Северсталь» у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ. Лік у матчы на пятай хвіліне адкрыў форвард гаспадароў Кірыл Капусцін, які пракаціўся праз усю пляцоўку і не сустрэўшы супраціву закінуў у брамку Тэйлара. Дынамаўцы спрабавалі аднавіць раўнавагу, але лічбы на табло да канца першага перыяду так і не змяніліся. Другую дваццаціхвілінку гульцы «Северсталі» пачалі з прэсінгу галкіпера менчукоў. На 24-й хвіліне гульні перавагу чарапавецкай каманды падвоіў нападнік Юрый Трубачоў. Зрэшты, форварду «зуброў» Шэйну Прынсу спатрэбілася менш за хвіліну, каб адыграць адну шайбу. У трэцім перыядзе дынамаўцы прыкметна актывізаваліся. На 43-й хвіліне Міхаіл Стэфановіч зраўняў лік. А ў сярэдзіне дваццаціхвілінкі Марк-Андрэ Граньяні рэалізаваў большасць, і «зубры» ў выніку святкаваў валявую перамогу з лікам 3:2. Такім чынам, падначаленыя Крэйга Вудкрафта перапынілі антырэкордную серыю з 12 паразаў запар. Наступны матч «зубры» правядуць на лядовай пляцоўцы «Менск-Арэны» заўтра супраць СКА з Санкт-Пецярбурга.

Сталі вядомыя першыя спарынг-партнёры берасцейскага

13 студзеня гульцы новага чэмпіёна Беларусі па футболе – берасцейскага «Дынама» выходзяць з адпачынку. Пасля медагляду і тэставання каманда адправіцца ў турэцкі Белек, дзе з 20 студзеня па 3 лютага пройдзе першы трэнірованы збор. На працягу двух тыдняў футбалісты будуць займацца на натуральных палях гасцінічнага комплексу Calista Deluxe. У рамках збору каманда згуляе некалькі таварыскіх матчаў. Папярэднія дамоўленасці аб правядзенні гульняў дасягнуты з некалькімі футбольнымі клубамі. Запланаваны чатыры паядынкі. 24 студзеня «Дынама» згуляе супраць «Марыўпаля». 27 чакаецца сустрэча з кіеўскім «Дынама». 29 студзеня супернікам будзе браціслаўскі «Слован». Завершыцца праграма спарынгаў чэмпіёнаў Беларусі на зборы 2 лютага матчам супраць «Крылаў Саветаў».

Аляксей Рыас можа перайсці ў менскае  «Дынама»

Па звестках «Прессбола», беларускі абаронца Аляксей Рыас трапіў у сферу інтарэсаў менскага «Дынама». Рыас пакінуў БАТЭ, у складзе якога правёў пяць сезонаў, у снежні мінулага года. У вышэйшай лізе Аляксей адыграў 17 матчаў і зарабіў дзве жоўтыя карткі.

Альберт Рыбак пакінуў літоўскі «Рытэрай». Беларускі настаўнік Альберт Рыбак пакінуў літоўскі «Рытэрай» пасля заканчэння тэрміну кантракта.

Падоўжыць дамову з клубам прапановы не было, тады як на днях у каманды пачынаецца падрыхтоўка да новага сезону. Цікава, што Рыбак мінулай восенню другі год запар прывёў «Рытэрай» да бронзы чэмпіянату Літвы.

Прычым абодва разы ён зрабіў гэта ў статусе выканаўцы абавязкаў галоўнага трэнера. А да гэтага 5 гадоў працаваў у камандзе трэнерам брамнікаў.

Гол Рауля за «Шальке» прызналі лепшым у Бундэслізе за дзесяцігоддзе

Гол іспанскага экс-форварда «Шальке» Рауля стаў лепшым у нямецкай Бундэслізе ў 2010-2019 гадах. Падборка з 10 лепшых галоў дзесяцігоддзя была апублікаваная на ютуб-канале Бундэслігі. Рауль вызначыўся ў матчы супраць «Кёльна», перакінуўшы брамніка суперніка. Пасля кар’еры ў складзе «Рэала» іспанскі футбаліст перайшоў у «Шальке», за які згуляў 66 матчаў і забіў 28 галоў. Другое месца ў рэйтынгу заняў польскі нападнік «Баварыі» Роберт Левандоўскі, трэцяе – экс-форвард «Айнтрахта» Себасцьян Але, які цяпер выступае за ангельскі «Вест Хэм».

Беларускае Радыё Рацыя