Беларусь перамагла Аўстрыю на моладзевым Чэмпіянаце свету
Зборная Беларусі перамагла каманду Аўстрыі з лікам 4:3 у заключным матчы першага дня моладзевага чэмпіянату свету ў дывізіёне Д1А па хакеі ў Менску. У складзе беларускай дружыны закінутымі шайбамі адзначыліся Віталь Пінчук, Ілля Усаў, Андрэй Паўленка і Аляксей Протас. У другі дзень спаборніцтваў беларусы сустрэнуцца з аднагодкамі з Латвіі, а 12 снежня згуляюць з нарвежцамі, 13 снежня – матч са славенцамі, 15 снежня адбудзецца паядынак супраць каманды Даніі. Пуцёўку ў элітны дывізіён моладзевага сусветнага першынства атрымае толькі пераможца.
Ходас заваяваў бронзу юнацкага Чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы
Беларускі спартовец Дзмітрый Ходас у вагавай катэгорыі 67 кг заваяваў бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы да 17 гадоў па цяжкай атлетыцы ў ізраільскім Эйлаце. Ходас у суме двубор’я паказаў вынік 265 кг (122 у рыўку і 143 у штуршку. Як паведамлялася, у катэгорыі U15 беларус Ягор Грынько ў вазе 61 кг заваяваў срэбраны медаль. Кацярына Якушава ў вазе 59 кг стала бронзавым прызёрам.
Гуштын выйграў бронзу турніру па барацьбе ва Уладзікаўказе
Беларускі барацьбіт-«вольнік» Аляксандр Гуштын выйграў бронзу прэстыжнага міжнароднага турніру «Аланы-2019» у расейскім Уладзікаўказе. Спартовец, які выступае ў вагавай катэгорыі 97 кг, перамог расейцаў Шаміля Ісмаілава і Таміка Джыкаева. Алімпійскі чэмпіён 2016 года амерыканец Кайл Снайдэр у чвэрцьфінале апынуўся мацней за беларуса. Але паколькі прадстаўнік ЗША прайшоў у фінал, Аляксандр Гуштын атрымаў права аспрэчыць бронзу. І гэтай магчымасцю беларускі «вольнік» скарыстаўся спаўна, перамогшы ў сутычцы за трэцяе месца яшчэ аднаго спартоўца з Расеі Магамедхана Магамедава.
Сяргей Гурэнка пакіне сталічнае «Дынама»
Галоўны трэнер менскага «Дынама» Сяргей Гурэнка пакіне сваю пасаду. Як стала вядома by.tribuna.com, клуб мае намер расстацца са спецыялістам, нягледзячы на дзеючы кантракт. Раней Гурэнка казаў пра тое, што задачу на сезон ён выканаў – застаўся ў розыгрышы Кубка Беларусі і не апусціўся ніжэй за чацвёртае месца.
Вызначаны склад зборнай Беларусі па біятлоне на этап Кубка свету ў Хохфільцэне
Трэнерскі штаб зборнай Беларусі па біятлоне вызначыў склад на этап Кубка свету ў Хохфільцэне. У Аўстрыі ўдзельнікамі мужчынскіх спаборніцтваў стануць Сяргей Бачарнікаў, Раман Елетнаў, Антон Смольскі і Мікіта Лабастаў. У спаборніцтвах сярод жанчын стаўка зроблена на Дзінару Алімбекаву, Ірыну Крыўко, Алену Кручынкіну і Ганну Солу.
Расею на чатыры гады адхілілі ад Алімпіяд і чэмпіянатаў свету
Выканкам Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) прыняў рэкамендацыю камітэта па адпаведнасці арганізацыі пазбавіць Расею на чатыры гады права ўдзельнічаць у буйных спартовых міжнародных мерапрыемствах, у лік якіх уваходзяць Алімпіяды і чэмпіянаты свету. Пра гэта паведамляе прэс-служба WADA. Як паведамляе Inside The Games, рашэнне было прынята адзінагалосна. Таксама Расея не зможа прымаць буйныя спартовыя спаборніцтвы, у ліку якіх чэмпіянаты свету і Алімпійскія гульні. Еўра-2020 да ліку гэтых турніраў не адносіцца.
Беларускае Радыё Рацыя