Беларусь перамагла Румынію ў Кубку Дэвіса



Тэнісісты зборнай Беларусі перамаглі ў Менску ў матчы Кубку Дэвіса дружыну Румыніі – 3:2. Лёс паядынку вырашыўся толькі ў самай заключнай сустрэчы.

Перад „адзіночкамі” апошняга дня Беларусь была наперадзе 2:1. У першым нядзельным спатканні Ілля Івашка (175-я ракетка свету) саступіў 129-му нумару планетарнага рэйтынгу Марыусу Копілу, прычым у трох сетах – 5:7, 4:6, 1:6. Заставалася надзея на Ягора Герасімава, які яшчэ ў першы дзень прынёс камандзе ачко. Цягам заключнага двубою з Адрыянам Унгурам Герасімаў не даў сумнявацца ў сваёй перавазе і здабыў патрэбную перамогу ў трох партыях – 7:6, 6:4, 6:4! Такім чынам Беларусь у наступным раўндзе Кубка Дэвіса ў красавіку сустрэнецца з тэнісістамі Аўстрыі.

Беларускае Радыё Рацыя