Беларус перамог на самым прэстыжным турніры сусветнага муай-тай
28 снежня ў тайскай Патаі адбыўся галоўны гадавы турнір прамоўшана Top King World Series у сярэдняй вазе (70 кг). Па выніках года сюды паставілі біцца беларуса Дзмітрыя Варца. У першым жа двубоі наш хлопец нечакана для многіх накаўтаваў знакамітага тайскага прафесіянала Кема Сітсонгпінонга.
Але галоўнае выпрабаванне чакала Варца наперадзе. У фінале беларус сышоўся з Хаялам Джаніевым, які ў мінулым сезоне перамог самага папулярнага байца свету Буакава Бэнчамэка.
Дзмітрый здолеў спыніць магутны напор саперніка і заманіць яго ў сваю гульнявую манеру вядзення бою. Суддзі аддалі перамогу Варцу пасля дадатковага раўнда.
Дзмітрый Варац пераважна жыве ў Гародні, але трэніруецца ў знакамітага беларускага спецыяліста Юрася Булата ў клубе Bulat Gym. Цікава, што трэнер пераважна вядзе свае старонкі ў сацсетках па-беларуску.