Беларус Пётр Асаёнок выйграў два срэбра на ЧЕ па цяжкай атлетыцы
Беларус Пётр Асаёнак, які выступае ў вагавай катэгорыі 96 кг, выйграў малое срэбра ў рыўку і заняў другое месца па суме двухбор’я.
Медаль у рыўку нараджэнцу Рэчыцы прынесла спроба на 172 кг. У практыкаванні штуршок Пётр Асаёнак падняў 202 кг, усяго 374 кг у суме двубор’я. Апярэдзіць нашага спартоўца ў двухбор’і змог толькі атлет з Грузіі Антон Плесны з сумай 393 кг. Такім чынам, на рахунку беларускай каманды 2 срэбраныя і 2 бронзавыя ўзнагароды. Раней на кантынентальным форуме ў Маскве вызначыліся Генадзь Лапцеў у вазе 61 кг, які выйграў малую бронзавую ўзнагароду ў рыўку, і Дар’я Навумава ў вазе 76 кг, якая таксама стала ўладальніцай малой бронзы ў практыкаванні штуршок.
Ілля Івашка прайграў у 1/4 фіналу турніру ў Марбельі
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка завяршыў выступы на турніры ў іспанскай Марбельі з прызавым фондам 408 тысяч 800 еўра. Беларус, які займае 115-е месца ў сусветным рэйтынгу, ва ўпартай барацьбе саступіў у трохсэтавым паядынку 1/4 фіналу іспанцу Хауме Муньяру, у якога 95-я пазіцыя ў рэйтынгу АТР, з лікам 7:6 (7: 5), 4:6, 4:6. Матч доўжыўся 2 гадзіны 55 хвілін.
Пяцёра хакеістаў папоўнілі склад зборнай Беларусі
Склад зборнай Беларусі, якая працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату свету – 2021, папоўнілі пяць хакеістаў. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Федэрацыі хакея Беларусі. Да нацыянальнай каманды далучыліся форварды Сяргей Дрозд, Станіслаў Лапачук, Міхаіл Стэфановіч, Яўген Аксенцюк, якія прадстаўляюць сталічнае „Юнацтва-Мінск”) і Франсіс Парэ са сталічнага „Дынама-Менск”. На наступным тыдні зборная Беларусі адправіцца ў Будапешт, дзе правядзе два таварыскія матчы. 16 красавіка падначаленыя Міхаіла Захарава згуляюць супраць каманды Аўстрыі, а на наступны дзень ім будуць супрацьстаяць хакеісты зборнай Вугоршчыны. Таксама на красавік запланаваны два спарынгі з камандай Расеі, якія пройдуць у Маскве на „ВТБ-Арэне”. Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў сталіцы Латвіі, Рызе, з 21 траўня па 6 чэрвеня.
УЕФА пацвердзіў, што чэмпіянат Еўропы пройдзе з гледачамі
УЕФА паведаміў, што восем гарадоў, у якіх адбудзецца чэмпіянат Еўропы-2020, гатовыя прыняць заўзятараў на трыбунах стадыёнаў. Колькасць гледачоў, якія будуць дапушчаныя на трыбуны, вар’юецца ад 25% да 100% ад змяшчальнасці стадыёнаў. Поўны стадыён чакаецца ў Будапешце на «Пушкаш Арэне». Санкт-Пецярбург гатовы пусціць на «Газпрам Арэну» 50% гледачоў і дапускае магчымасць да канца красавіка павялічыць лік.
Амстэрдам, Бухарэст, Капенгаген і Глазга пацвердзілі, што адкрыюць трыбуны на 25-33% ад напаўнльнасці стадыёнаў. Першыя тры гарады могуць павялічыць квоты да канца красавіка ў залежнасці ад ходу праграм масавага тэставання і колькасці тых, хто захварэў.
Яшчэ чатыры гарады – Мюнхен, Рым, Більбао, Дублін – пакуль не вырашылі, ці будуць пускаць заўзятараў. Яны павінны прыняць рашэнне да 19 красавіка – тады ж УЕФА прыме канчатковае рашэнне аб правядзенні матчаў у гэтых гарадах.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Федэрацыі цяжкай атлетыкі Грузіі