Беларусь-Швайцарыя – 2:3
Моладзевая зборная Беларусі па хакеі прайграла камандзе Швайцарыі на чэмпіянаце свету ў ЗША з лікам 2:3. Швайцарцы вельмі моцна пачалі матч, стварыўшы некалькі голавых момантаў, але беларусаў неаднаразова ратаваў брамнік Андрэй Грышчанка. На жаль, на дзевятай хвіліне беларусы ўсё-такі прапусцілі шайбу, якая ўляцела ў брамку ад канька нашага абаронцы. Гол быў запісаны на Нікаласа Мюлера. Пасля стартавага штурму швайцарцаў беларусы паступова пачалі выраўноўваць гульню, Максім Сушко выдатна згуляў на дабіванні і параўняў лік — 1:1.
Другі перыяд прайшоў без галоў, а ў пачатку трэцяга беларусы рэалізавалі большасць. Прычым зноў эфект прынесла добрая гульня на дабіванні. Голам адзначыўся Віктар Боўбель. На жаль, утрымаць пераможны лік нашай камандзе не ўдалося. Пад прэсінгам швайцарцаў была дапушчаная памылка ў абароне, якая прывяла да голу 17-гадовага Валянціна Нюсбаумера — 2:2. А ўжо праз тры хвіліны «крыжакі» выйшлі наперад пасля дакладнага кідка Піліпа Курдашэва — 2:3. У канцы гульні Юрый Файкоў замяніў брамніка на шостага палявога гульца, беларусы зрабілі некалькі небяспечных кідкоў, але швайцарцы ўсё ж такі выстаялі, здабыўшы важную перамогу.
Гэтая параза негатыўна паўплывала на шанцы нашай каманды ў барацьбе за плэй-оф. Цяпер для выхаду ў чвэрцьфінал беларусам трэба будзе перамагаць Расею ці Чэхію, чакаючы пры гэтым спрыяльны зыход у іншых паядынках.
Беларускае Радыё Рацыя