Беларусь-Славакія. Першы дзень-1-1



У Менску праходзіць матч жаночага тэніснага Кубку Федэрацыі. Зборная Беларусі прымае каманду Славакіі. У суботу на хардзе адбыліся два адзіночныя паядынкі. Лік пасля гэтых сустрэч – 1-1.  

У камандзе гасцей не прыехалі дзве мацнейшыя тэнісісткі Славакіі – знакамітая Дамініка Цыбулкава і вядомая Магдалена Рыбарыкава. Але і маладыя тэнісісткі з гэтай краіны выглядаюць у Менску дастаткова ўпэўнена.

У першай сустрэчы супраць Аляксандры Сасновіч (56-я ракетка свету) трэнер гасцей выставіў Яну Чэпелаву (116-я ў рэйтынгу). Сасновіч упэўнена павяла ў ліку на старце, але потым пайшлі няўдачы. У выніку першы сет Аляксандра змагла выйграць толькі на тай-брэйку – 7:6 (8:6). 

У другім сеце Чэпелава нечакана дастаткова ўпэўнена захапіла ініцыятыву і была наперадзе ажно 5:2. Аднак затым здарылася чарговая метамарфоза – Сасновіч узяла запар пяць (!) геймаў і выйграла партыю –7:5. А з ёй, натуральна, і ўвесь матч.

Пасля гэтага на корт выйшлі першая ракетка Беларусі на сёння Арына Сабаленка (47-ы нумар рэйтынгу) і славачка Вікторыя Кужмава (106-ы нумар). Першы сет Сабаленка праваліла 2:6. У другой партыі такая перавага была ўжо на баку фактурнай беларускі – 6:2. У трэцім вырашальным сеце равесніцы па чарзе набіралі ачкі. Спачатку наперад на два геймы вырвалася Сабаленка, але Кужмава параўняла лік -3:3. Потым суперніцы па чарзе бралі сваю падачу – 4:4, 5:5, 6:6. Так што ўсё вырашалася на тай-брэйку. Крыху больш сілы і вытрымкі захавала Кужмава – 7:5. Такім чынам агульны лік у матчавай сустрэчы параўняўся.

Беларускае Радыё Рацыя