Беларусь страціла ўсе шанцы трапіць на Еўра-2016
Упэўненай перамогай украінскай футбольнай зборнай над беларускай скончыўся адборавы матч да чэмпіянату Еўропы – 3:1. Фактычны зыход матчу на Львоўарэне. якая сабрала амаль аншлаг, быў вырашаны ўжо ў першым тайме. Украінцы забілі ў браму беларускага галкіпера Андрэя Гарбунова ажно тры мячы – на 7-й хвіліне забіў Кравец, на 30-й Ярмоленка і на 40-й Канаплянка з пенальці. У другой палове гаспадары збавілі абароты і беларусы здолелі арганізаваць гол прэстыжу. За знос Сяргея Карніленкі быў прызначаны пенальці, які ўпэўнена рэлізаваў галоўны бамбардзір беларускай дружыны. На рахунку Карніленкі стала зараз 17 галоў за нацыянальную зборную. Больш забіў толькі Максім Рамашчанка – 20.
Пасля гэтай паразы Беларусь страціла нават тэарэтычныя шанцы выйсці ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. Украіна ж працягне за гэта змаганне.
Іншыя матчы дня ў групе „С” завяршыліся так: Люксембург-Македонія – 1:0, Гішпанія-Славаччына – 2:0. Гэта першыя страты славакаў ачкоў на турніры, дагэтуль было 6 вікторый. Становішча ў групе пасля 7 тураў наступнае: Гішпанія – 18 ачкоў, Славаччына – 18, Украіна – 15, Беларусь – 4, Люксембург – 4, Македонія – 3.
Беларускае Радыё Рацыя