Беларусь упусціла перамогу ў канцоўцы матча з Ізраілем
У пятніцу адбыліся матчы 3-га тура групы I кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы – 2024. Беларусь на нейтральным полі стадыёна „Суса Ферэнц” у Будапешце саступіла камандзе Ізраіля, прапусціўшы два галы ў самым канцы сустрэчы. На 16-й хвіліне лік адкрыў паўабаронца «Астаны» Макс Эбон, але пасля 85-й хвіліны ізраільцяне пераламілі ход гульні. Шон Вайсман рэалізаваў пенальці, а ў кампенсаваны час перамогу Ізраілю дакладным ударам прынёс Оскар Глоч.
У паралельным матчы зборная Швейцарыі на выездзе атрымала перамогу ў матчы з Андорай з лікам 2:1. Трэці матч групы завяршыўся ўнічыю – каманда Косава падзяліла ачкі з Румыніяй 0:0. Па выніках трох тураў табліцу групы I аднаасобна ўзначальвае Швейцарыя, якая набрала дзевяць ачкоў з дзевяці магчымых. На другім месцы размясцілася Румынія (сем ачкоў). Беларусь замыкае табліцу, па-ранейшаму не набраўшы ніводнага ачка.
Зборная Украіны перамагла Паўночную Македонію з 0:2 у кваліфікацыі Еўра-2024
Першы тайм застаўся за гаспадарамі, якія завалодалі камфортнай перавагай дзякуючы дублю Эніса Бардзі. Пасля перапынку Украіна адказала трыма забітымі мячамі: вызначыліся Ілля Забарны, Яфім Канапля і Віктар Цыганкоў, а Міхаіл Мудрык аддаў дзве дзейсныя перадачы. З 73-й хвіліны гаспадары матча гулялі ў меншасці пасля выдалення Вісара Мусліу.
У паралельным матчы гэтай жа групы зборная Англіі разграміла ў гасцях Мальту з лікам 4:0. Вызначыліся Трэнт Аляксандэр-Арнальд, Гары Кейн, які рэалізаваў пенальці, і Каллум Уілсан. Пачатак разгрому паклаў аўтагол мальтыйца Фердынанда Апапа. Зборная Англіі працягвае ўзначальваць табліцу групы С, набраўшы дзевяць ачкоў у трох матчах. Украіна выйшла на другое месца па дадатковых паказчыках. У яе тры ачкі, столькі ж у Італіі і Паўночнай Македоніі.
Германія прайграла Польшчы ў таварыскім матчы
Зборная Польшчы абыграла каманду Германіі ў таварыскім матчы – 1:0. Сустрэча прайшла на стадыёне „ПГЕ Нарадовы” ў Варшаве. Адзіны мяч забіў абаронца „Арсенала” Якуб Ківёр. Ён вызначыўся на 31-й хвіліне сустрэчы. У наступным матчы Польшча згуляе з Малдовай у межах адборачнага турніру Еўра-2024 (20 чэрвеня), а Нямеччына ў гэты ж дзень правядзе таварыскую сустрэчу супраць Калумбіі.
БАТЭ зацікаўлены ў форвардзе зборнай Балівіі
25-гадовы нападаючы зборнай Балівіі Анры Вака зацікавіў БАТЭ. Пра гэта паведамляе Rueda Deportiva. Футбаліст выступае на Радзіме за „Арыенце”. У 6 матчах сезона ён забіў два мячы і аддаў адну галявую перадачу, пры гэтым на полі правёў 386 хвілін. У складзе зборнай Балівіі ён прыняў удзел у сямі паядынках. Па дадзеных сайта transfermarkt, трансферны кошт футболіста складае 700 тысяч эўра.
Нью-Джэрсі можа абмяняць Шаранговіча
Беларускі форвард Ягор Шаранговіч можа пакінуць „Нью-Джэрсі”. Як паведамляе інсайдэр Эліёт Фрыдман, клуб можа абмяняць нападніка. Акрамя таго, паводле яго даных, Шаранговіч выставіў дом на продаж. У гэтым сезоне хакеіст правёў 75 матчаў, набраў 30 (13+17) балаў, у плэй-оф згуляў у трох матчах.
Беларускае Радыё Рацыя