Беларусь – Вугоршчына: нічыя над Бугам
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі згулялі ўнічыю 1:1 з камандай Вугоршчыны ў таварыскім матчы ў Берасці.
Пасля двух сакавіцкіх вікторый у гасцях у Азербайджана (1:0) і Славеніі (2:0) падначаленыя Ігара Крывушэнкі імкнуліся падоўжыць пераможную серыю і ў хатнім паядынку. У першым тайме гульні беларусы шмат атакавалі, і на 25-й хвіліне Антон Сарока забіў гол пасля падачы кутавога з левага флангу. Гаспадары былі наперадзе толькі хвіліну – вугорцы атрымалі права на штрафны ўдар, і Роланд Варга засмуціў Андрэя Гарбунова – 1:1. Пасля перапынку абедзве каманды шмат атакавалі, але лік не змяніўся. Свой наступны спарынг беларускія футбалісты правядуць у бліжэйшую суботу, 9 чэрвеня, у Тампэрэ супраць зборнай Фінляндыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота abff.by