Беларус Юрый Голуб выйграў золата Паралімпіяды ў біятлоне



Беларус Юрый Голуб задабыў залаты медаль у біятлоне ў катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку на Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

Беларускі спартсмен пераадолеў дыстанцыю ў 12,5 км за 39.23,7. На другім месцы ўкраінец Аляксандр Казік, які саступіў лідару 2,7 секунды, бронза таксама ва ўкраінца Юрыя Уткіна.

Гэта трэці медаль, які Голуб прынёс у скарбонку беларускай зборнай на гэтай Паралімпіядзе. Раней ён выйграў серабро ў лыжнай гонцы на 20 км і серабро ў спрынце на 7,5 км.

У актыве Беларусі ўжо 7 медалёў: 2 залатыя, 3 сярэбраныя і 2 бронзавыя.

14 сакавіка беларусы працягнуць выступ у лыжным спрынце.

Паралімпійскія гульні праходзяць у Паўднёвай Карэі з 9 па 18 сакавіка. Разыгрываецца 80 камплектаў узнагарод у шасці відах спорту. Змагаюцца за медалі каля 700 прадстаўнікоў 48 каманд. Беларусь на гульнях прадстаўляюць 15 атлетаў у двух відах спорту — біятлоне і лыжных гонках.

БелаПАН

Фота: Reuters