Беларусь заняла высокае 5-е месца ў біятлонным міксце
Беларуская каманда ў біятлоннай змешанай эстафеце мела невялікія шанцы трапіць у прызёры, найперш з-за невысокіх вынікаў мужчынскай паловы каманды ў бягучым сезоне. Але на гэты раз вельмі годна выявіла сябе ўся каманда.
На першым этапе Надзея Скардзіна прайшла ў сваю сілу, дакладна страляла, але была сярэдняй па хуткасці. Пры перадачы эстафеты Беларусь адставала ад лідара – Італіі – на 26, 6 секунды і займала 8-е прамежкавае месца.
На другім этапе за Беларусь выступала Дар’я Домрачава. Пасля бездакорнай стральбы лежачы ДД пайшла на лыжню ўжо 4-й, але практычна з тым жа адставаннем ад італійкі Даратэі Вірэр – 25,7 секунды. Наперадзе былі таксама немка і францужанка. Пры стральбе на стойцы змяніўся лідар – Лаура Дальмаер вывела наперад Германію. Домрачава адстралялася трэцяй, скарыстаўшыся адным дадатковым патронам. Пры перадачы эстафеты мужчынам Беларусь займала 3-е прамежкавае месца, адстаючы ад Італіі на пару секунд і апярэджваючы Францыю на 16.
На трэцім этапе за Беларусь бег Сяргей Бачарнікаў. Пасля „лёжкі”, пры якой спатрэбіўся адзін дадатковы патрон, ён захоўваў 3-ю пазіцыю. Выдатна адстраляў Бачарнікаў на стойцы і пайшоў на фініш фактычна разам з французам і італійцам. Наперадзе быў немец Лесэр з вялікім адрывам.
На заключны этап Уладзімір Чапелін выправіўся 5-ым з адставаннем на 15 секунд ад 3-га месца. Пры стральбе лежачы Уладзімір браў адзін дадатковы патрон, прамазаўшы апошнім выстралам, але захаваў прамежкавае 5-е месца. Тым часам француз Мартэн Фуркад дагнаў немца Арнда Пфайфера.
Пры апошняй стральбе Фуркад быў бездакорным і паляцеў у адзіночку праштампаваць для Францыі чарговы залаты медаль. Немец Пфайфер праваліў свой этап. Нарвегія высілкам ветэрана Свендсана фінішавала другой, а Італія вырвала бронзу з рук Германіі.
Што датычыць Чапеліна, то ён бліскуча адстраляўся на стойцы і ў выніку фінішаваў 5-ым!
Беларусь апярэдзіла ў біятлонным міксце ўсіх сваіх суседзяў: Украіну (7-е месца), Расею (9-е), Польшчу (16-е), Латвію, Літву.
Беларускае Радыё Рацыя