Беларусь яшчэ не забяспечыла месца ў хакейнай эліце
Зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі вырашыла пытанне прапіскі ў элітным дывізіёне. 13 траўня ў надзвычай важным паядынку каманда Дэйва Льюіса перамагла славенскую дружыну – 5:2.
Беларусь нарэшце забіла ў першым перыядзе – лік у сустрэчы адкрыў Аляксандр Паўловіч. Аднак пасля двойчы поспех святкавалі славенцы. А вось другі перыяд стаўся лепшым для Беларусі на гэтым чэмпіянаце свету – Яўген Кавыршын, Аляксандр Паўловіч, Ілля Шынкевіч і нарэшце Андрэй Стась (у бальшыні) закінулі ажно чатыры шайбы.
Трэці перыяд галоў не прынёс. Такім чынам Славенія пакідае мацнейшы дывізіён сусветнага хакею. Беларусь набрала 4 ачкі і, незалежна ад апошняга матчу з Нарвегіяй, застанецца на 7-ым месцы ў сваёй групе.
Пазней пры больш дэталёвых падліках высветлілася, што зборная Беларусі яшчэ не захавала дакладна месца ў хакейнай эліце. Рэч у тым, што тэарэтычна апошняе 8-е месца ў іншай групе можа заняць Данія. Яна ж прымае наступны чэмпіянат і „застрахавана” сёлета ад вылету. У такім разе мацнейшы дывізіён пакіне горшая каманда з тых дзвюх, якія зоймуць сёмыя месцы.
Беларускае Радыё Рацыя