Беларусь здабыла першае золата Паралімпіяды ў Пхёнчхане



Беларуска Святлана Сахоненка выйграла лыжную гонку на 15 км вольным стылем сярод спартсменак у катэгорыі В2 для атлетаў з парушэннямі зроку. Гэта ўжо другі медаль Сахоненкі на цяперашніх Паралімпійскіх гульнях. Раней яна заваявала бронзу ў біятлоне, стаўшы трэцяй у спрынце на 6 км.

Медальная скарбонка беларускай каманды папоўнілася сёння таксама срэбнай узнагародай. Яе здабыў Юрый Голуб у лыжнай гонцы на 20 км у катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку. Гэта яго другое срэбра на гэтых гульнях. Раней ён выйграў такую ж узнагароду ў біятлоне, стаўшы другім у спрынце на 7,5 км.

Усяго ў актыве беларускіх паралімпійцаў у Пхёнчхане ўжо 6 медалёў (1 залаты, 3 сярэбраныя, 2 бронзавыя) і 9-е месца ў медальным заліку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters