Беларусаў і расейцаў працягваюць адхіляць ад міжнародных спаборніцтваў



Аб’яднаны савет барацьбы (UWW) адхіліў беларускіх і расейскіх спартоўцаў і афіцыйных асоб краін ад усіх міжнародных спаборніцтваў пад эгідай арганізацыі ў сувязі з падзеямі ва Украіне.

Таксама Бюро Еўрапейскай лігі плавання (LEN) адхіліла расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад удзелу ў спаборніцтвах. Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF) адхіліў усіх расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад удзелу ў міжнародных і кантынентальных спаборніцтвах. УЕФА забараніў зборнай Беларусі і беларускім клубам праводзіць міжнародныя матчы на тэрыторыі краіны. Раней Міжнародны алімпійскі камітэт  заклікаў спартовыя арганізацыі адхіліць спартоўцаў і афіцыйных асоб з Беларусі і Расеі ад усіх спаборніцтваў.

Легіянеры Цмокi-Менск пакінулі каманду

«Кіраўніцтва клуба і трэнеры доўга абмяркоўвалі з баскетбалістамі сітуацыю, якая склалася ў сувязі з узніклымі лагістычнымі праблемамі, датычнымі авіязносін, іх стаўленнем да ўласнай бяспекі. І пагадзіліся, што ім лепш з’ехаць, бо ў такім стане каманда не можа разлічваць на эфектыўную працу», – гаворыцца ў заяве клуба.

Цяпер у складзе «цмокаў» засталіся толькі беларускія гульцы. Каманда працягвае падрыхтоўку да матчаў Адзінай лігі ВТБ і чэмпіянату Беларусі.

У табліцы Адзінай лігі менчукі займаюць 11-е месца. Найбліжэйшы матч у турніры каманда Вергуна правядзе 6 сакавіка супраць УНІКСа.

Парахоўскі пакінуў „Парму”

Беларускі цэнтравы Арцём Парахоўскі пакінуў „Парму”. У складзе пермскай каманды не засталося легіянераў, паведамляе тэлеграм-канал „Свабодны агент”. Жонка баскетбаліста, якая з’яўляецца полькай, пераканала яго з’ехаць з Расеі.

Павел Пачкоўскі хоча скасаваць кантракт з „Мяшкоў Берасце”

Правы паўсярэдні паляк Павел Пачкоўскі распавёў, што збіраецца скасаваць кантракт з „Мяшкоў Берасце”. Гандбаліст раней пакінуў размяшчэнне каманды. Пагадненне з Пачкоўскім дзейнічае да 2023 года.

„Сказаў свайму мэнэджару, што хацеў бы скасаваць кантракт з „Берасцем”. Рашэнне канчатковае. Фармальна па-ранейшаму з’яўляюся гульцом клуба, але вяртацца ў Беларусь не збіраюся. Размова ідзе ў тым ліку пра маральны аспект”, — цытуе Пачкоўскага kielcehandball.pl.

Дзякуючы дублю Лісаковіча з пенальці Рубін выйшаў у чвэрцьфінал Кубка Расеі

У рамках 1/8 фіналу Кубка Расеі „Рубін” адолеў „Ротар” — 2:1.

Ужо на 12-й хвіліне валгаградская каманда адкрыла лік у гульні намаганнямі Рамана Мінаева. У сярэдзіне першага тайма Віталь Лісаковіч аднавіў роўнасць на табло, рэалізаваўшы пенальці.

На 73-й хвіліне беларускі нападнік зноў быў дакладны з 11-метровай адзнакі, дзякуючы чаму яго каманда перамагла. Такім чынам, Рубін прабіўся ў чвэрцьфінал Кубка Расеі.

Раней Лісаковіч аформіў дубль у дэбютным матчы за казанцаў супраць „Зеніта”, прайграным яго камандай 2:3.

Беларускае Радыё Рацыя