Беларуска Вікторыя Колб дыскваліфікавана на чатыры гады за допінг
Беларуская штурхальніца ядра Вікторыя Колб дыскваліфікавана на чатыры гады за ўжыванне допінгу.
У спробе 26-гадовай спартоўкі выявілі лігандрол. Усе вынікі Вікторыі з 21 лютага 2020 года ануляваныя, адлік дыскваліфікацыі вядзецца з 30 сакавіка 2020 года, паведамляе сайт НАДА. Вікторыя Колб – пераможца моладзевага чэмпіянату Еўропы-2015.
Наомі Осака стала 3-й ракеткай свету, Вікторыя Азаранка – 14-й
У абноўленым рэйтынгу ВТА ад 14 верасня японка Наомі Осака, якая стала пераможцай Адкрытага чэмпіянату ЗША, паднялася на трэці радок. Фіналістка гэтага турніру – Вікторыя Азаранка з Беларусі – стала 14-й ракеткай свету. Лідыруе аўстралійка Эшлі Барці.
Таксама Азаранка паднялася на трэці радок у чэмпіёнскай гонцы ВТА. Узначаліла табліцу пераможца Адкрытага чэмпіянату ЗША Наомі Осака.
Матч „Макабі” і берасцейскага „Дынама” абслужыць італьянец Давідэ Маса
Матч 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў паміж „Макабі” з Тэль-Авіва і берасцейскім „Дынама” абслужыць італьянская брыгада арбітраў пад кіраўніцтвам Давідэ Масы. Яго асістэнты – Філіпа Мэлі і Стэфана Аласіа. Матч пройдзе 16 верасня ў Тэль-Авіве і пачнецца ў 20.00 па беларускім часе.
Распасоўнік „Мяшкоў Брэст” Сандра Абранавіч выбыў мінімум на два месяцы
Распасоўнік „Мяшкоў Брэст” Сандра Абранавіч атрымаў сур’ёзную траўму ў матчы з „Заграбам” у рамках фіналу чатырох СЕХА-лігі. У адным з сутыкненняў гандбаліст няўдала прызямліўся на паркет і пашкодзіў пазваночнік. Арыенціровачны тэрмін рэабілітацыі – ад двух месяцаў. Таксама ў лазарэце застаюцца яшчэ два гандбаліста Сымон Разгар і Максім Баранаў.
Нікола Ёкіч аформіў новы рэкорд НБА
У Рэюньёне адбыўся шосты матч паўфінальнай серыі плэй-оф НБА Заходняй канферэнцыі паміж „Лос-Анджэлес Кліпэрз” і „Дэнвэр Нагетс”, у якім мацнейшымі аказаліся гульцы „Дэнвера” – 111:98, дзякуючы чаму яны зраўнялі лік у серыі – 3:3. Цэнтравы Нікола Ёкіч па выніках матчу усталяваў новы рэкорд НБА. Ён набраў 600 ачкоў, зрабіў 300 падбораў і аддаў 150 выніковых перадач хутчэй, чым любы іншы гулец у НБА. Для гэтага Ёкічу спатрэбілася 27 матчаў.
Мужчынская зборная Беларусі заняла 8-е месца на юніёрскім ЧЕ па валейболе
Зборная Беларусі заняла восьмае месца на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд (U-18). Беларускія юніёры па выніках групавога раўнда не змаглі працягваць барацьбу за медалі, саступіўшы Германіі, Польшчы і Чэхіі. У суцяшальным турніры за 5-8 месцы падапечныя Аляксея Кавалёва спачатку прайгралі равеснікам з Бельгіі – 0:3 (19:25, 21:25, 18:25), а затым саступілі Турцыі – 1:3 (18:25; 22:25; 25:22; 17:25). Самым выніковым гульцом зборнай у заключным матчы стаў капітан Максім Троцкі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gp.by