Беларуска Юлія Гатоўка выйшла ў другі раўнд турніру ITF у Люксембургу
Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка паспяхова пачала выступы на турніры ITF у люксембургскім Петанжы з прызавым фондам 40 тысяч даляраў.
У паядынку першага круга беларуска, якая займае 229-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграла ў дзвюх партыях францужанку Амандзін Мана, у якой 599-я пазіцыя, – 7:5, 6:4. У матчы за выхад у чвэрцьфінал суперніцай Юліі Гатоўкі будзе першы нумар пасеву дацкая тэнісістка Клара Таўсан, якая займае 85-е месца ў рэйтынгу WTA.
Данііл Мядзведзеў прабіўся ў 1/2 фіналу выніковага турніру АТР у Турыне
Расіянін Данііл Мядзведзеў першым забяспечыў сабе выхад у паўфінал выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у Турыне. У апошнім паядынку 2-га тура „чырвонай” групы Мядзведзеў святкаваў сваю другую перамогу, абыграўшы прадстаўніка Германіі Аляксандра Зверава – 7:6 (9:7), 6:4. На старце Данііл Мядзведзеў быў мацней за свайго суайчынніка Андрэя Рублёва, які ў другім паядынку саступіў іспанцу Карласу Алькарасу – 5:7, 2:6 і страціў шанцы прабіцца ў паўфінал.
Хакеісты менскага „Дынама” завершаць дамашнюю серыю матчам супраць „Віцязя”
Хакеісты сталічнага „Дынама” сёння завяршаюць чарговую серыю гульняў на „Мінск-Арэне” ў рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Шосты і заключны матч хатняй серыі падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага правядуць супраць „Віцязя”, які прадстаўляе падмаскоўную Балашыху. На дадзены момант беларуская каманда дзеліць шостае-сёмае месцы ў Заходняй канферэнцыі КХЛ з санкт-пецярбургскім СКА – у абодвух клубаў па 32 балы пасля 29 гульняў.
Хакеісты „Віцязя”, у сваю чаргу, акупавалі апошнюю пазіцыю на Захадзе ў самым пачатку рэгулярнага чэмпіянату. Ад зоны плэй-оф „Віцязь” аддзяляе сем ачкоў.
«Шахцёр» скасаваў кантракт з расейцам Параніным
«Шахцёр» па пагадненню бакоў скасаваў кантракт з расійскім форвардам Іллём Параніным. За два сезоны ў «Шахцёры» 22-гадовы нападнік правёў 46 гульняў і набраў 26 (14+12) ачкоў. У трох матчах Кубка Салея зарабіў адзін асістэнцкі бал.
Камавінга выбыў да канца года з-за траўмы
Паўабаронца «Рэала» і зборнай Францыі Эдуарда Камавінга прапусціць рэшту года з-за траўмы, паведамляе Relevo. Камавінга атрымаў пашкоджанне правага калена на трэніроўцы зборнай Францыі. Ён пакінуў каманду і прапусціць матчы кваліфікацыі Еўра-2024 супраць Гібралтара 18 лістапада і Грэцыі 21 лістапада. Цяпер стала вядома, што ён не згуляе і за «Рэал» да канца года. Такім чынам, ён прапусціць хатнія матчы супраць «Напалі», «Гранады» і «Вільярэала», а таксама выязныя матчы супраць «Кадыса», «Беціса», «Уніяна» і «Алавеса».
Леброн аформіў трыпл-дабл у матчы з «Сакрамэнта» і падняўся на 5-ы радок у гісторыі НБА
Суперзорка «Лэйкерз» Леброн Джэймс аформіў 108-ы трыпл-дабл у матчы з «Сакрамэнта» 110:125. Джэймс зрабіў: 28 ачкоў, 11 перадач, 10 падбораў, 4 перахопы і блок-шот. А таксама рэалізаваў 9 з 15 з гульні (3 з 7 з-за дугі) і 7 з 8 з лініі.
Такім чынам, 4-разовы чэмпіён падняўся на пяты радок у гісторыі, абышоўшы цяпер галоўнага трэнера «Даласа» Джэйсана Кіда. У 2-разовага MVP Ніколы Ёкіча 109 матчаў з трыма двухзначнымі статыстычнымі паказчыкамі.
Беларускае Радыё Рацыя