Беларуска заняла другое месца на этапе серыі Сусветнага выкліку



Анастасія Мірончык-Іванова заняла другое месца на этапе серыі Сусветнага выкліку па лёгкай атлетыцы ў скачках у даўжыню ў італьянскім Рыеці. У сваёй лепшай, чацвёртай з шасці, спробе беларуска паказала вынік 6 м 34 см. Пераможцай стала ўкраінка Крысціна Грышуціна, скокнуўшы на 6 м 42 см, паведамляе БелТА.

Акрамя поспеху Мірончык-Івановай, на этапе серыі Сусветнага выкліку ў Рыеці адразу дзве беларускі апынуліся за крок ад п’едэстала. Чэмпіёнка свету Марына Арзамасава перасекла фінішную рысу чацвёртай у забегу на 800 м. У скачках у вышыню Таісія Рослава з вынікам 1 м 78 см заняла чацвёртае месца, саступіўшы бронзавую ўзнагароду па колькасці спробаў Юліі Леўчанка з Украіны. У бегу на 100 м з бар’ерамі беларуска Крысціна Гачко паказала шосты вынік – 14,00 сек.