Беларуска выйграла юніёрскі крыштальны глобус



Беларуская біятланістка Дар’я Блашко выйграла агульны залік юніёрскага Кубка IBU. Наша спартоўка набрала 364 балы.

Другое месца заняла Лізавета Бельчанка з Казахстана (307 ачкоў), а на трэцім радку размясцілася расейка Наталля Ушкіна (304).

На працягу сезона Дар’я Блашко была пераможцай адной з гонак, адзін раз прыходзіла да фінішу другой і двойчы была трэцяй. У апошняй гонцы, якая ўваходзіла ў агульны залік Кубка IBU, біятланістка толькі замкнула дзесятку наймацнейшых. Аднак запасу балаў, заробленых раней, хапіла для заваёвы трафея.

Адзначым, што юная беларуская біятланістка стала ўладальніцай гістарычнага тытула. Кубак IBU сярод юніёраў разыгрываўся ўпершыню. У юніёраў падобную ўзнагароду заваяваў немец Дамінік Райтер.