Беларуская футбольная зборная разлічвае паўтарыць подзвіг 1995 года



У адборавым матчы чэмпіянату Еўропы-2020 супраць Нідэрляндаў беларуская зборная спадзяецца паўтарыць поспех 1995 года, заявіў галоўны трэнер каманды Міхаіл Мархель.

«Мы ставім задачу і набраць ачкі, і праглядзець моладзь. Паспрабуем даць бой, усё ж такі гуляем перад сваімі гледачамі. Хацелася б паўтарыць той подзвіг, які быў у нас даўно ўжо. Ва ўсякім выпадку я ўпэўнены, што хлопцы ўсе аддадуць сілы на футбольным полі», – сказаў Мархель, маючы на ўвазе пад подзвігам хатнюю перамогу над Нідэрляндамі 1:0 у адборавым матчы чэмпіянату Еўропы-1996. Тады камандай кіраваў Сяргей Бароўскі.

«У нас усе жывыя-здаровыя, рыхтуемся ў звычайным рэжыме. Натуральна, на падрыхтоўку накладвае адбітак статус матчу, узровень суперніка, таму паспрабуем больш увагі надаць тактычным момантам і напрацоўкам. Часу не так шмат, але мы пастараемся выціснуць максімум», – сказаў Мархель.

Паводле яго слоў, каманда прааналізавала гульню галандцаў у апошнім туры 10 кастрычніка супраць Паўночнай Ірландыі (перамога 3:1; галы: Дэпай, 80, 90+4, Л. Дэ Ёнг, 90+1 – Маджэніс, 75). «Тое-сёе ў паўночных ірландцаў падгледзелі, – адзначыў Мархель. – У цэлым, гульня паказала, што пры пэўнай звышматывацыі, пры правільнай пабудове гульні можна гуляць і з такімі топавымі камандамі, як Нідэрланды».

На пытанне, ці хопіць беларускай камандзе сіл на ўвесь матч, улічваючы, што супернік у папярэднім туры ўсе тры мячы забіў у канцы другога тайма, трэнер заявіў, што «заўсёды можна знайсці ў сабе нейкі рэзерв чалавечы». «Я думаю, што хлопцы разумеюць адказнасць. Такіх матчаў у жыцці не бывае шмат. Дай бог, каб яны сустракаліся як мага часцей з такімі супернікамі. Думаю, што, у прынцыпе, хлопцы гатовыя», – сказаў Мархель.

Паводле яго слоў, галандцы індывідуальна моцныя, таму асноўную ўвагу трэнерскі штаб надае агульнакамандным дзеянням, а не персанальнай апецы.

«Вядома, турнірная сітуацыя складваецца такім чынам, што галандцы прыедуць звышматываваныя, таму мы чакаем націску з іх боку, натуральна. Мы пастараемся гэты націск знівеляваць. Мы пастараемся ад сваёй гульні не адыходзіць: гэта агрэсія, гэта фрагментамі прэсінг», – паабяцаў трэнер. Пры гэтым ён адзначыў, што ўсю гульню на вязкім газоне прэсінгаваць вельмі цяжка.

Матч Беларусь – Галандыя адбудзецца 13 кастрычніка на менскім стадыёне «Дынама». Усе квіткі прададзеныя. Сустрэча супернікаў 21 сакавіка ў Ратэрдаме завяршылася перамогай галандцаў 4:0.

Становішча каманд у групе С: Галандыя – 12 ачкоў (5 гульняў; розніца мячоў 17-6), Германія – 12 (5; 17-6), Паўночная Ірландыя – 12 (6; 8-7), Беларусь – 4 (6; 3-10), Эстонія – 1 (6; 2-18).

У фінальную частку Еўра-2020 выходзяць дзве першыя зборныя.

БелаПАН

Фота: footbik.by