Беларуская гандбольная зборная разграміла польскую
У адборавым матчы да гандбольнага чэмпіянату Еўропы дружына Беларусі нечакана лёгка адолела зборную Польшчы – 32:23 (15:10).
Гэта толькі другая вікторыя гандбольнай Беларусі над палякамі за ўсю гісторыю (з 16 сустрэчаў). Каманду Юрыя Шаўцова ў гэты вечар было не стрымаць. Пасля першага тайму беларусы былі наперадзе на 5 мячоў. Пасля антракта перавага даходзіла ажно да 11.
Найбольш выніковымі ў зборнай Беларусі стала цэлая група гандбалістаў: Барыс Пухоўскі, Уладзіслаў Кулеш, Дзяніс Рутэнка, Андрэй Юрынок, Вадзім Гайдучэнка – усе па 4 галы. Бліскуча ў Беларусі на браме згуляў Іван Мацкевіч.
7 траўня дружыны сустрэнуцца ўжо ў Польшчы – у Плоцку. Зборная Беларусі пасля трох гульняў мае 4 ачкі, у палякаў пунктаў няма. У гэтай групе выступаюць таксама Румынія і Сербія.
У іншым матчы дня Румынія дома саступіла Сербіі – 22:23. Такім чынам становішча ў турнірнай табліцы зараз такое: Беларусь, Румынія, Сербія – па 4 ачкі, Польшча – 0.
Беларускае Радыё Рацыя