Беларуская „маладзёжка” пацярпела другую паразу на ЧС



Хакеісты зборнай Беларусі ў авертайме з лікам 2:3 прайгралі камандзе Нарвегіі ў матчы трэцяга тура маладзёжнага чэмпіянату свету ў першым дывізіёне, які прымае Менск. У першым перыядзе беларусы прапусцілі дзве шайбы, а затым намагяннямі Віталя Пінчука скарацілі разрыў у ліку. У канцоўцы трэцяга перыяду беларусы замянілі брамніка шостым палявым гульцом, і за 40 секунд да фінальнай сірэны Яўген Аксенцюк зраўняў лік. Зрэшты, у авертайме нарвежцы ўсё ж здолелі даказаць сваю перавагу. Джонатан Хермансан выкарыстаў памылку гульцоў беларускай зборнай і на 2-й хвіліне дадатковага перыяду прынёс сваёй камандзе перамогу. Такім чынам падначаленыя Дзмітрыя Дудзіка вельмі ўскладнілі сабе задачу па выхаду ў элітны дывізіён, куды адправіцца толькі пераможца спаборніцтваў у Менску. Нагадаем, у першым туры беларусы адолелі аўстрыйцаў 4:3, а ў другім саступілі камандзе Латвіі ў авертайме 2:3.

Беларускія хакеісты выйшлі ў фінал Турніру шасці нацый

Зборная Беларусі ў матчы Турніру шасці нацый у Будапешце перамагла ў авертайме каманду Рэспублікі Карэя з лікам 6:5. У складзе беларускай дружыны ў асноўны час гульні дублем адзначыўся Джэф Плат, па адной шайбе закінулі Аляксандр Когалеў, Яўген Кавыршын ды Міхаіл Стэфановіч, які ў авертайме закінуў сваю другую шайбу і прынёс перамогу беларускай дружыне. Такім чынам, падначаленыя Міхаіла Захарава выйшлі ў фінал турніру, які пройдзе ў суботу 14 снежня.

„Краснадар” і кіеўскае „Дынама” не змаглі выйсці ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы

Футбалісты „Краснадара” з беларускім абаронцам Аляксандрам Мартыновічам ў складзе не здолелі прабіцца ў 1/16 фінала Лігі Еўропы. У матчы 6-га тура групы С краснадарцы гулялі ў гасцях у свайго канкурэнта іспанскага „Хетафе” і пацярпелі буйную паразу з лікам 0:3, прапусціўшы ўсе галы ў другім тайме. Аляксандр Мартыновіч ў канцы гульні быў выдалены з поля. „Краснадар” у выніку заняў перадапошняе месца ў групе. Кіеўскае „Дынама”, якое выступае ў групе В, згуляла ўнічыю 1:1 на сваёй арэне са швейцарскім „Лугана” і таксама засталося за бортам еўракубкаў. Фан-сектар кіеўлянаў вывесіў вялікі банер з надпісам „Жыве Беларусь!”, які трапіў у аб’ектывы тэлекамер. У матчы двух фаварытаў іспанская „Севілья” ў Нікасіі прайграла кіпрскаму АПАЭЛу з лікам 0:1. Маскоўскі ЦСКА, які страціў шанцы на выхад у плэй-оф пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі перамог на выездзе іспанскі «Эспаньёл» 1:0, дзякуючы голу паўабаронцы Нікол.

Беларускае Радыё Рацыя