Беларуская „маладзёжка” пазбегла паразы ад кіпрыётаў у адборавым матчы



Зборная Беларусі да 21 года ў матчы адборачнага турніру маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па футболе групы 7 не змагла абыграць каманду Кіпра – сустрэча завяршылася з лікам 1:1. Гульня праходзіла на стадыёне „Амахостас” у Ларнаке. У першым тайме беларусы пераважна абараняліся, фактычна не стварыўшы небяспечных момантаў каля брамы супернікаў. Кіпрыёты дзейнічалі першым нумарам, стала трымаючы ў напрузе галкіпера беларусаў Паўла Паўлючэнку. На 37-й хвіліне матчу колькасць перарасла ў якасць. У гаспадароў поля вызначыўся абаронца Хрыстас Схеліс. Пасля перапынку госці прыкметна актывізаваліся, імкнучыся сысці ад паразы. Ля брамы Антрэаса Параскеваса пачалі ўзнікаць небяспечныя моманты, адзін з іх прывёў да голу. На 68-й хвіліне вызначыўся Дзяніс Грэчыха, які ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы. Пасля трох матча ў беларусаў 4 ачкі і чацвёртая пазіцыя ў групе, лідзіруюць Нідэрланды, якія перамаглі ў двух згуляных матчах.

Іспанцы выйшлі на Еўра-2020

Зборная Іспаніі па футболе стала шостай камандай, якая забяспечыла сабе месца ў ліку ўдзельнікаў чэмпіянату Еўропы-2020. Матч у групе F супраць каманды Швецыі завяршыўся з лікам 1:1. Іспанцы, прапусціўшы на 50-й хвіліне выпад нападніка скандынаўскай дружыны Маркуса Берга, не склалі рукі. Атакі прынеслі жаданы вынік на 92-й хвіліне гульні. Вызначыўся Радрыга, які незадоўга да гэтага выйшаў на замену.

У астатніх паядынках кваліфікацыйнай групы F зборная Румыніі і Нарвегіі разышліся мірам – 1:1, а Фарэры абыгралі Мальту з лікам 1:0. З вынікаў іншых сустрэч адзначым перамогу Швейцарыі над Ірландыяй – 2:0 у групе D, грузіны з цяжкасцю перамаглі ў гасцях гібралтарцаў 3:2. У групе

G Ізраіль быў мацней за Латвію – 3:1. У групе J: Фінляндыя разграміла Арменію – 3:0, а Ліхтэнштэйн буйна саступіў Італіі – 0:5, Грэцыя на хатняй арэне перамагла Боснію і Герцагавіну – 2:1. Удзел у фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы – 2020 года забяспечылі сабе каманды Бельгіі, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Расеі і Украіны.

„Юнацтва” прайграла «Пеліканс», але прайшло ў плэй-оф

Хакеісты менскага „Юнацтва” саступілі фінскаму клубу „Пеліканс” у хатнім матчы Лігі чэмпіёнаў – 2:3. Паядынак прайшоў на „Чыжоўка-Арэне”. Ужо на першай хвіліне супрацьстаяння лік адкрыў форвард гасцей Алексі Мустанен. „Юнацтва” спрабавала адыграць прапушчаную шайбу, аднак у пачатку другой дваццаціхвілінкі „Пеліканс” павялічылі перавагу ў ліку намаганнямі Міро-Пека Саарээлайнена. У адказ на гэта падначаленыя Аляксандра Макрыцкага дадалі ў тэмпе, і неўзабаве адзначыўся абаронца Мікіта Міцкевіч. А праз 41 секунду яго падтрымаў партнёр па камандзе Яўген Нагачоў, які зраўняў лік. У трэцім перыядзе закінутых шайбаў гледачы не ўбачылі. У авертайме каманды таксама не змаглі вызначыць пераможцу. У выніку перамогу па булітах святкавалі хакеісты „Пеліканс”, якія рэалізавалі тры кідкі запар, у той час як гульцы „Юнацтва” ніводнага разу не здолелі засмуціць брамніка фінскай дружыны. Тым не менш, нягледзячы на паразу «Юнацтва» прайшло ў плэй-оф, бо швейцарская „Лазана” ў асноўны час абыграла „Оцэларжы” 5:3. Такі вынік дазволіў „Юнацтву” заняць другое месца ў групе і выйсці ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя