Беларуская мова ў айчынным спорце
Беларускую мову трэба шырэй выкарыстоўваць у беларускім спорце. Пра гэта кажуць актывісты грамадскай ініцыятывы “Справааводства па-беларуску”. У ліпені, услед за хакейнымі і футбольнымі клубамі, лісты з прапановай выкарыстоўваць родную мову ў сваім спартовым жыцці атрымалі гандбольныя і баскетбольныя клубы Беларусі. Першымі на звароты адказалі гандбольны клуб БГК імя Мяшкова з Берасця і менскі баскетбольны клуб “Цмокі”. Кажа каардынатар ініцыятывы Ігар Случак:
– Прыйшлі першыя адказы з БГК імя Мяшкова з Берасця, і адказ з клуба “Цмокі-Мінск” наконт развіцця беларускай мовы. У адказе з клуба “Цмокі” гаворыцца, што яны па магчымасці стараюцца выкарыстоўваць родную мову ў паўсядзённым жыцці і сваю назву, як вядома, звязалі з беларускімі традыцыямі.
У адказе з клуба “Цмокі” таксама гаворыцца, што некаторыя гульцы клуба вядуць па-беларуску свае старонкі ў сацыяльных сетках, а таксама пры распрацоўцы новага сайту плануюць стварыць беларускамоўную версію.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя