Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч перамагла ў 1/32 фіналу турніру ў Рыме




Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч прабілася ў другі раўнд турніру ў Рыме з прызавым фондам 2,5 мільёны даляраў.

У 1/32 фіналу беларуска перайграла ў трохсэтавым матчы расіянку Вераніку Кудэрметаву  – 3:6, 7:6 (7:4), 6:1. Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 11 хвілін. У другім раўндзе суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе прадстаўніца Канады Лейла Фернандэс, якая перамагла расейскую тэнісістку Анастасію Паўлючэнкаву 6:1, 2:6, 2:6.

Арцём Кулак працягнуў кантракт з „Чэхаўскімі мядзведзямі” да 2024 года

Арцём Кулак, разыгрываючы зборнай Беларусі, працягнуў кантракт з „Чэхаўскімі мядзведзямі” да 2024 года. Пра гэта паведамляюць сацсеткі расейскага клуба.

У студзені я пачаў разглядаць варыянты працягу кар’еры, але, пагаварыўшы з Уладзімірам Салмановічам [Максімавым], вырашыў застацца яшчэ на два гады. Ён знайшоў патрэбныя словы, каб я застаўся! У мяне ёсць адна мэта – старацца прагрэсаваць і быць лепш, чым у папярэднім сезоне. Складана ацаніць, як два сезоны ў „мядзведзях” паўплывалі на мае прафесійныя якасці. Думаю, з боку спецыялістам і заўзятарам відаць лепш, – пракаментаваў рашэнне Кулак.

Ненад Адамовіч блізкі да падпісання кантракта з „Нёманам”

Сербскі атакуючы паўабаронца Ненад Адамавіч блізкі да падпісання кантракта з гарадзенскім „Нёманам”. Пра гэта паведамляе telegram-канал „Заўзеем за ФК „Нёман”.

Па інфармацыі крыніцы, футбаліст падпіша пагадненне ў хуткім часе. 8 мая серб адыграў матч за зборную „Нёмана” ў матчы супраць „Інформа”.

У сезонах-2013/16 Адамавіч абараняў колеры менскага „Дынама”, забіўшы 20 мячоў і зрабіўшы восем выніковых перадач у сустрэчах вышэйшай лігі. У сезоне-2018 быў гульцом „Віцебску” (1 гол, 4 перадачы).

Эрлінг Холанд прайшоў медагляд для „Манчэстэр Сіці

Нападнік „Барусіі” з Дортмунда Эрлінг Холанд блізкі да пераходу ў „Манчэстэр Сіці”. Па звестках sports.ru, які спасылаецца на інфармацыю інсайдэра Фабрыцыо Рамана, 21-гадовы футбаліст прайшоў медыцынскі агляд і ўжо вярнуўся ў Дортмунд.

На гэтым тыдні здзелка будзе заключана афіцыйна. „Гараджане” паведамілі „чмялям”, што найбліжэйшым часам актывуе пункт аб адступных нарвежскага футбаліста. Сума будзе бліжэй да 60 мільёнаў, чым да 75 мільёнаў еўра, пра якія заяўлялася раней. Кантракт нарвежскага форварда з „гараджанамі” будзе разлічаны на пяць гадоў, а яго штотыднёвы заробак складзе каля 375 тысяч фунтаў стэрлінгаў у тыдзень.У бягучым сезоне скандынаў правёў за „Барусь” 23 матчы ў Бундэслізе і забіў 21 гол.

Беларускае Радыё Рацыя