Беларуская спартоўка Ірына Курачкіна заваявала сярэбраны медаль



У фінале наша суайчынніца саступіла японцы Рысака Каваі – 0:5. Курачкіна прынесла Беларусі трэці медаль Алімпіяды ў Токіо. Цяпер у актыве зборнай адно золата, адно срэбра і адна бронза.

Беларускі барэц вольнага стылю Магамедхабіб Кадзімагамедаў (74 кг) перамог прадстаўніка Італіі Франка Чаміса ў паўфінале алімпійскага турніру і гарантаваў сабе медаль.

Беларус перамог з лікам – 5:3. Ванэса Каладзінская не выйшла ў фінал Алімпіяды і пазмагаецца за бронзу. Беларуска прайграла кітаянцы Цяньюі па дадатковых паказчыках.

Беларускі велагоншчык Яўген Каралёк заняў 12-е месца ў омніуме

Беларускі раварыст Яўген Каралёк заняў 12-е месца ў трекавай дысцыпліне омніум на Гульнях у японскай сталіцы. У заключнай гонцы па ачках беларус паказаў другі вынік, набраўшы 40 балаў, а па суме ўсіх заездаў заняў 12-е месца. Алімпійскім чэмпіёнам у гэтай дысцыпліне стаў брытанскі спартовец Мэцью Уолс (153 ачкі), срэбра выйграў новазеландзец Кэмпбэл Сцюарт (129), бронзавы медаль заваяваў італьянец Эліяна Вівіані.

Жаночая зборная Беларусі фінішавала апошняй у кваліфікацыі эстафеты 4х400

Жаночая зборная Беларусі фінішавала восьмай у кваліфікацыі эстафеты 4х400 метраў на Алімпіядзе. Каманда ў складзе Аляксандры Хільмановіч, Юліі Блізьнюк, Эльвіры Герман і Астэрыі Лімай паказалі час 3.33.00 – гэта горшы вынік сярод усіх каманд у першым раўндзе. Адзначым, Ганна Міхайлава і Крысціна Мулярчык не былі дапушчаныя да Гульняў з-за недастатковай колькасці допінг-тэстаў. У выніку ў складзе на алімпійскі забег паставілі Эльвіру Герман, якая ніколі не бегала 400 метраў у афіцыйных спаборніцтвах на адкрытым паветры.

Брамнік берасцейскага „Руха” Павел Паўлючэнка пяройдзе ў „Зеніт”

Беларускі брамнік Павел Паўлючэнка (1998) працягне кар’еру ў піцерскім „Зеніце”. Галкіпер „Руха” у бліжэйшы час пройдзе медагляд, па выніках якога чакаецца падпісанне кантракту з піцерцамі. У чэмпіянаце Беларусі-2020 Паўлючэнка правёў 18 матчаў, 12 з іх галкіпер сыграў на нуль.

Леанід Кучук ізноў узначаліў львоўскі „Рух”

Беларускі спецыяліст Леанід Кучук зноў стаў галоўным трэнерам украінскага „Руха”. 61-гадовы трэнер ужо ўзначальваў Львоўскую каманду ў 2019 годзе. Затым Кучук працаваў з менскім „Дынама”, якое пакінуў у канцы мая 2021-га.

Беларускае Радыё Рацыя