Беларускі – 9-я на юніёрскім Еўра



Баскетбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі занялі 9-е месца на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у сталіцы Босніі і Герцагавіны Сараева. У паядынку за 9-ю выніковую пазіцыю беларускі сустракаліся з польскімі аднагодкамі і перамаглі з перавагай у два ачкі – 67:65. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Юлія Васілевіч, якая набрала 16 ачкоў.

«Пяст» прайграў у суперкубку перад гульнёй з БАТЭ

Перад сустрэчай у адказ кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з БАТЭ польскі „Пяст” прайграў паядынак за нацыянальны Суперкубак. У матчы з уладальнікам Кубка Польшчы гданьскай „Легіяй” сапернікі барысаўчан у пачатку другога тайма саступалі 0:3 і толькі затым здолелі адквітаць адзін мяч, саступіўшы ў выніку 1:3. Матч у адказ за выхад у другі кваліфікацыйны раунд чэмпіёнскай Лігі паміж „Пястам” і БАТЭ адбудзецца 17 ліпеня ў польскім Глівіцэ. Першая сустрэча, якая прайшла 10 ліпеня на полі „Барысаў-Арэны”, завяршылася ўнічыю – 1: 1. Пераможца сустрэнецца з лепшай камандай пары „Лінфілд” (Паўночная Ірландыя) – „Русенборг” (Нарвегія).

Фамее перайшоў з «Дынама-Брэст» у „Арэнбург”

„Дынама-Брэст” і клуб расейскай прэм’ер-лігі „Арэнбург” дасягнулі дамоўленасці аб пераходзе ганскага нападніка Джоэла Фамее у склад расейскай дружыны. Фамее пераехаў у Берасце летам 2016 года і за гэты час правёў 96 афіцыйных матчаў, у якіх забіў 32 мячы і аддаў 12 галявых перадач. У складзе „Дынама-Брэст” Джоэл выйграў два Кубкі і два Суперкубка Беларусі, што робіць яго самым тытулаваным легіянерам за ўсю гісторыю клуба з берагоў Буга. У цяперашні час клубы ўрэгулявалі ўсе дэталі трансферу Джоэла Фамее, адзначае афіцыйны сайт „Дынама-Брэст”.

15 медалёў у веславанні выйгралі беларусы

Шэсць залатых медалёў выйгралі беларускія атлеты на маладзёжным і юніёрскім чэмпіянатах Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, які завяршыўся ў чэшскай Рачыцы. У катэгорыі да 23-х гадоў у спаборніцтвах байдарачнікаў на 500 м на першую прыступку п’едэстала гонару ўзняўся квартэт у складзе Аляксея Місючэнкі, Юрыя Ткачова, Станіслава Дайнекі і Уладзіслава Літвінава. Другое месца занялі байдарачнікі са Славакіі, а трэцяе – з Расеі. Яшчэ адзін залаты медаль у катэгорыі да 23-х гадоў у Іны Саўчук. Беларуска фінішавала першай на 500 м, апярэдзіўшы Малгажата Пулаўску з Польшчы і шведку Меліну Андэрсан. Першае месца ў медальным заліку сярод юніёраў у Рачыцы занялі беларускія весляры. У каноэ на 1000 м Уладзіслаў Палешка і Мацвей Шалак фінішавалі першымі. У заключны дзень Аляксандра Калаур у каноэ выйграла на 200 м, у каноэ-двойцы з Лізаветай Прыходзька яна перамагла на 500 м. У байдарцы адзіночцы на 500 м сярод юніёраў Вераніка Леанюк заваявала золата, ёй таксама ўдалося стаць бронзавым прызёрам на 200 м. Акрамя залатых у актыве маладзёжнай і юніёрскай зборнай Беларусі на чэмпіянатах Еўропы ў Рачыцы таксама адзін срэбраны і восем бронзавых узнагарод. Усяго беларускія весляры заваявалі пятнаццаць медалёў.

Паўловіч працягне выступы за «зуброў»

Менскае хакейнае «Дынама» абвясціла аб працягу кантракта з 32-гадовым нападнікам Аляксандрам Паўловічам. Для ўраджэнца Гародні будучы сезон стане ўжо дзевятым у КХЛ. На яго рахунку 293 матчы і 57 (27 + 30) ачкоў. Цікава, што самым паспяховым для Паўловіча апынуўся чэмпіянат-2016/17 пад кіраўніцтвам Крэйга Вудкрафта, калі Аляксандр набраў 20 балаў і насіў нашыўкі капітана і асістэнта капітана каманды.

Джокавіч і Халеп выйгралі Уімблдон

Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч адолеў швейцарца Роджэра Федэрэра і ў пяты раз стаў пераможцам Уімблдонскага турніру. Вырашальны паядынак мужчынскага адзіночнага разраду выдаўся вельмі напружаным і расцягнуўся на 5 гадзін. У выніку справа дайшла да тай-брэйку ў пятым сэце, у якім поспех быў на баку Новака Джокавіча – 7: 6, 1: 6, 7: 6, 4: 6, 13:12. Трыумфатарам жаночага адзіночнага разраду Уімблдона ўпершыню стала румынка Сімона Халеп, якая менш чым за гадзіну перамагла амерыканку Серэну Уільямс – 6: 2, 6: 2.

Беларускае Радыё Рацыя