Беларускі абыгралі бельгіек на Еўрабаскеце
Беларускія баскетбалісткі cвяткавалі першую перамогу на чэмпіянаце Еўропы. У гульні другога тура папярэдняй групы D у сербскім Зрэняніне беларускі перайгралі бронзавага прызёра мінулага першынства каманду Бельгіі з лікам 69:61. У складзе пераможцаў самай выніковай апынулася Анастасія Верамеенка, у актыве якой 15 ачкоў. Свой заключны матч першага этапу падначаленыя Наталлі Трафімавай правядуць заўтра супраць каманды Расеі. На старце турніру беларускія баскетбалісткі саступілі сербкам з розніцай у два ачкі – 53:55. Пасля фінішу групавога этапу пераможцы чатырох квартэтаў адразу трапяць у чвэрцьфінал, а каманды, якія занялі 2-3-е месцы, згуляюць у 1/8 фіналу.
Яшчэ два золата Еўрагульняў беларусы ўзялі ў барацьбе
Беларускія атлеты напярэдадні сталі ўладальнікамі чатырох узнагарод II Еўрапейскіх гульняў, дзве з якіх залатыя. Абедзве ўзнагароды вышэйшай пробы здабылі майстры жаночай барацьбы ў менскім Палацы спорту. Спачатку ўладальніцай золата стала Ірына Курачкіна, якая выйграла спаборніцтвы ў вагавай катэгорыі да 57 кг, а затым свой высокі клас пацвердзіла Васіліса Марзалюк, якая перамагла ў вагавой катэгорыі да 76 кг. Пасля 8 спаборніцкіх дзён у скарбонцы зборнай Беларусі 59 узнагарод. Беларусы знаходзяцца на другім месцы ў агульнакамандным медальным заліку. Наперадзе зборная Расеі.
Беларускія гандбалісты згуляюць з балканцамі
У Вене адбылося лёсаванне папярэдніх груп мужчынскага чэмпіянату Еўропы па гандболе, які пройдзе з 9 да 26 студзеня. Турнір упершыню адбудзецца адразу ў трох краінах: Аўстрыі, Нарвегіі і Швецыі.
Зборная Беларусі трапіла ў групу «А», дзе яе супернікамі сталі адразу тры каманды былой Югаславіі: Сербія, Харватыя і Чарнагорыя.
Па дзве лепшыя каманды кожнага квартэта выйдуць у асноўны раўнд, дзе адбудзецца дзяленне на дзве групы па шэсць каманд. Матчы асноўнага раўнда адбудуцца ў Вене і Мальме. Паўфіналы і фіналы пройдуць у сталіцы Швецыі Стакгольме.
«Нёман» перапыніў серыю паразаў
Матчам у Менску пачаўся 13-ты тур чэмпіянату Беларусі па футболе.
Адкрылі тур 28 чэрвеня гульні з удзелам каманд, якія знаходзяцца ў зоне вылету. Сталічнае «Тарпеда», якое замыкае турнірную табліцу прымала гарадзенскі «Нёман», які пяць тураў запар прайграваў, а трэнер Ігар Кавалевіч прасіўся ў адстаўку. Зрэшты, кіраўніцтва клуба вырашыла даць яму яшчэ адзін шанец. І «алені» не падвялі коўча, разграміўшы ў Менску аўтсайдэра, не пакінуўшы «аўтазаводцам» ніводнага шанцу 3:0. Усе тры галы былі забітыя ў першым тайме. Іх аўтары Валер Жукоўскі, Глеб Расадкін і Андрэй Якімаў. Яшчэ ў адным матчы «Тарпэда-БелАЗ» і РЦАР-БДУ згулялі ўнічыю 3:3
Аргенціна супраць Бразіліі – у паўфінале Кубка Амерыкі
Футбалісты зборнай Аргенціны з лікам 2:0 перамаглі каманду Венесуэлы ў чвэрцьфінальным матчы Кубка Амерыкі. Галы забілі Лаўтары Марцінэс на 10-я хвіліне і Джавані Ло Чэльсо на 74-й. У паўфінале турніру аргентынцы сустрэнуцца са зборнай Бразіліі, якая раней абыграла каманду Парагвая ў серыі 11-метровых удараў. Матч пройдзе 2 ліпеня на стадыёне „Мінейрао” у Белу-Арызонце. Двух іншых паўфіналістаў вызначаць пары Калумбія – Чылі і Уругвай – Перу.
Беларускае Радыё Рацыя