Беларускі баец, аб’яўлены ў вышук, з’ехаў за мяжу



Беларускі баец Аляксей Кудзін, які быў абвешчаны ў вышук, паведаміў, што ён знаходзіцца за мяжой, перадае tribuna.

Нагадаем, Кудзіна затрымалі на акцыі пратэсту недалёка ад маладэчанскага гарадскога парку 10 жніўня. Адпусцілі 21 жніўня, пачаўшы ў дачыненні да яго крымінальную справу і абраўшы меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Аляксея Кудзіна абвінавачваюць па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу – „Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». Максімальная санкцыя тут – да пяці гадоў пазбаўлення волі.

19 лістапада ў маладэчанскім судзе павінна было адбыцца першае пасяджэнне па справе спартсмена, аднак ён не з’явіўся, пасля чаго быў абвешчаны ў вышук.

Сёння баец напісаў пост у Інстаграме, дзе паведаміў, што быў вымушаны з’ехаць з краіны:

— Вiтаю вас, маё шаноўнае спадарства. По вядомых справах я быў вымушаны з’ехаць з роднай краiны. Зараз мне нiхто i нiшто не пагражае. Але ўсiм сэрцам я побач з тымi, хто змагаецца за сваю незалежнасць i яскравую будучыню. Больш чым 17 гадоў я выходзiў пад сцягам сваёй дзяржавы. Шмат разоў я уздымаў сцяг на мiжнароднай пляцоўцы, а цяпер вымушаны бегчы ад гэтай сiстэмы. Але я вярнуся ў скорай будучынi больш мацнейшым i з праўдаю у сваiм сэрцы. Жыве Беларусь!!!

tut.by