Беларускі дуэт стаў восьмым у суперміксце на этапе КС па біятлоне



Беларускі дуэт у складзе Ганны Солы і Сяргея Бачарнікава заняў восьмае месца ў суперміксце на этапе Кубка свету па біятлоне ў чэшскім Нове-Места. У пасіве беларускай каманды адзін штрафны круг і 14 дадатковых патронаў. Яны саступілі пераможцам хвіліну і 24 секунды. Вікторыя ж дасталася камандзе Швецыі, якая ў фінішным спурце апярэдзіла Нарвегію. Бронза ў актыве амерыканскіх біятланістаў.

Змяшаную эстафету выйгралі нарвежскія біятланісты. Цірыль Экхаф, Марце Олсбю-Ройсэлан, Тар’ё і Ёханэс Бё пераадолелі дыстанцыю гонкі адстраляўшы без промахаў з 4 дадатковымі патронамі. На другой пазіцыі фінішаваў квартэт з Італіі. Замкнулі тройку прызёраў біятланісты Швецыі. Беларуская каманда ў складзе Ірына Крыўко, Алена Кручынкіна, Максім Верабей і Антон Смольскі завяршыла гонку дзясятай з адставаннем у 3 хвіліны 44,8 секунды, 1 промахам пры стральбе і  12 дадатковымі патронамі.

Хакеісты „Гомеля” сталі апошнімі паўфіналістамі плэй-оф

Хакеісты „Гомеля” абыграўшы ў сёмым матчы серыі гарадзенскі „Нёман” з лікам 2:0 сталі апошнімі паўфіналістамі плэй-оф. У другім перыядзе „рысі” адкрылі лік на 29-й хвіліне. Герман Несцераў працягнуў шайбу ў зону і нанёс непрыкметны кідок па брамцы галкіпера „Нёмана” Максіма Гарадзецкага, які памылак да гэтага не дапускаў. У трэцім перыядзе ў канцоўцы „Нёман” зняў з гульні брамніка, і за восем секунд да канца матча шайбу ў пустую брамку закінуў Герман Несцераў, аформіўшы галявы дубль. Такім чынам, у паўфінальных серыях сустрэнуцца „Юнацтва” і „Металург,” а таксама „Шахцёр” і „Гомель”.

„Цмокi-Мiнск” саступілі „Ніжняму Ноўгарада” у Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі 15-ю паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. Чэмпіёны Беларусі саступілі ў гасцях „Ніжняму Ноўгараду” з лікам 57:78. Самым выніковым у складзе менчан стаў Крыс Клайберн, у актыве якога 22 ачкі. Менскія „цмокі” у гэтым сезоне выступаюць вельмі няўдала, перамогшы толькі ў двух праведзеных паядынках, у іх 13-е, апошняе месца. Турнірную табліцу ўзначальваюць баскетбалісты піцерскага „Зеніта” і казанскага „Унікса”, у якіх па 15 перамог, на дзве вікторыі менш у польскай каманды „Зялёна Гура”. Свой наступны матч „Цмокi-Мiнск” правядуць 21 сакавіка на сваёй арэне супраць казахстанскай „Астаны” з Нур-Султана.

Берасцейскае „Дынама” разграміла „Спутнік” у матчы чэмпіянату Беларусі

На чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі заключныя матчы стартавага тура. У першым з іх футбалісты берасцейскага „Дынама” ўпэўнена перайгралі ў гасцях дэбютанта элітнага дывізіёна рэчыцкі „Спутнік” з лікам 4:0. Галы забілі Павел Сядзько (з пенальці), Станіслаў Беленькі, Аляксандр Шэсцюк і Васіль Журневіч. У Гародні „Нёман” і „Віцебск” скончылі матч з нічыйным вынікам 0:0.

Віцэ-чэмпіёны краіны футбалісты БАТЭ на штучным полі ФК „Мінск” дзякуючы галам Шахбоза Умарава, Неманьі Міліча і Максіма Скавыша выйгралі ў „Слуцка” – 3:0.

Раналду зрабіў другі хет-трык за „Ювентус”, і зноў у браму „Кальяры”   Нападнік „Ювентуса” Крышціяну Раналду забіў тры мячы за 32 хвіліны першага тайма матча чэмпіянату Італіі супраць „Кальяры”, які «Юве» выйграў 3:1. Для 36-гадовага партугальца гэты хет-трык стаў другім у форме „Юве”. Упершыню Раналду тройчы забіў за „Ювентус” у студзені мінулага года, характэрна, што супернікам таксама быў „Кальяры”.

„Напалі” узяў верх над „Міланам” у матчы 27-га тура чэмпіянату Італіі – 1:0. „Мілан” ідзе другім у табліцы, адстаючы ад „Інтэра” на дзевяць балаў і апярэджваючы „Ювентус”, які правёў на гульню менш, на адно ачко. У „Напалі” 50 балаў і пятая пазіцыя. „Севілья” перамагла „Беціс” у севільскім дэрбі 1:0. Адзіны мяч забіў на 27-й хвіліне Эн-Несіры.

„Манчэстар Юнайтэд” на хатняй арэне перамог „Вэст Хэм” у матчы 28-га тура чэмпіянату Англіі – 1:0 пасля аўтаголу Досана. Каманда Оле-Гунара Сульшэра з 57 ачкамі ідзе другой у табліцы, адстаючы ад „Ман Сіці”, які правёў на гульню больш, на 14 балаў. „Лестэр” з лікам 5:0 разграміў „Шэфілд Юнайтэд” – Іхеанача аофрміў хет-трык. У лонданскім дэрбі „Арсенал” аформіў валявую перамогу над „Тотэнхэмам” – 2:1, набраў 41 бал і ідзе дзясятым у табліцы, у „шпор” 45 ачкоў і сёмы радок у турнірнай табліцы.

Гол Крыўца дапамог „Леху-2” перамагчы „Хутнік”

„Лех-2” на выездзе „усухую” перамог „Хутнік” з Кракава ў матчы 21-га тура трэцяга дывізіёна чэмпіянату Польшчы – 2:0. У гасцей забітым мячом на 79-й хвіліне сустрэчы адзначыўся беларускі хаўбек Сяргей Крывец. „Лех-2” ідзе 15-м у табліцы з 21 набраным балам.

Фанаты варшаўскай „Легіі” зладзілі масавыя беспарадкі ў знак пратэсту супраць забароны наведваць стадыён

Фанаты сабраліся на вуліцах Варшавы каля Муніцыпальнага стадыёна падчас матчу чэмпіянату Польшчы „Легія” – „Варта”. Сустрэча праходзіла без заўзятараў на трыбунах. У ваколіцах стадыёна фанаты запускалі сігнальныя ракеты, феерверкі і выкарыстоўвалі іншую піратэхніку. Таксама яны ладзілі бойкі і ігнаравалі ўсе каронавірусныя забароны, з прычыны чаго мясцовыя праваахоўныя органы здзейснілі шматлікія арышты. Настрой фанатаў „Легіі” перадаваў адзін вялікі банер з надпісам „Мы ненавідзім усіх”. Дарэчы, варшаўская дружына ў выніку перамагла 3:2. Нагадаю, польскі ўрад мае намер дапусціць заўзятараў на футбольныя матчы толькі ў кастрычніку.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя