Беларускі фонд спартовай салідарнасці выступіў з заявай з нагоды сустрэчы Фазеля і Лукашэнкі
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) апублікаваў заяву з нагоды сустрэчы прэзідэнта ІІХФ Рэне Фазеля з Аляксандрам Лукашэнкам.
BSSF знаходзіцца ў поўным здзіўленні з нагоды сустрэчы кіраўніцтва ІІХФ у асобе Рэне Фазеля і Аляксандра Лукашэнкі. Тыя ветлівасць і цеплыня, з якімі спадар Фазель вёў перамовы са спадаром Лукашэнкам, стваралі ўражанне, што сустрэча праходзіць не ў краіне, дзе за апошнія чатыры месяцы больш за 30000 чалавек пабывалі ў турме і дзе да гэтага часу каля 170 палітычных зняволеных знаходзяцца за кратамі.
BSSF заклікае кіраўніцтва ІІХФ паважаць беларускі народ і тыя пакуты, якія перажылі людзі ад рэжыму Лукашэнкі. BSSF сумесна з усім беларускім народам і сусветнай дэмакратычнай супольнасцю заклікае IIHF:
1. У бліжэйшыя тэрміны абвясціць аб немагчымасці правядзення ЧС у Беларусі з прычыны грубейшага парушэння правоў чалавека і ўсіх агульначалавечых прынцыпаў з боку рэжыму Лукашэнкі;
2. Правесці расследаванне і прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці кіраўніка ФХБ Дзмітрыя Баскава;
3. Правесці расследавання фактаў ціску на функцыянераў і гульцоў за іх грамадзянскую пазіцыю з боку кіраўніцтва ФХБ, – гаворыцца ў заяве.
Напярэдадні Рэне Фазель у чарговы раз заявіў, што не хоча змешваць спорт і палітыку. і спорт павінен аб’ядноўваць народы, а не раз’ядноўваць.
Менскае «Дынама» прайграла дома «Металургу»
Менскае «Дынама» прайграла на хатняй арэне магнітагорскаму «Металургу» з лікам 2:4. Гэты матч наведаў Рэне Фазель і сядзеў ён побач з кіраўніком ФХБ Дзмітрыя Баскава. Дынамаўцы ўжо пасля першага перыяду саступалі з лікам 0:2. У сярэдзіне другой дваццаціхвілінкі Дэніс Расмусэн павялічыў перавагу гасцей, але затым мінчане пачалі адыгрываць адставанне. Спачатку першую шайбу за «Дынама» закінуў Дзяніс Мосалеў, а затым Павел Варфаламееў зрабіў лік 2:3. Зрэшты, аднавіць раўнавагу гаспадары не змаглі. Больш за тое, у канцоўцы матчу Рыгор Дронаў адправіў яшчэ адну шайбу ў брамку Аляксея Коласава.
Мінчане гулялі без шэрагу лідараў. Па розных прычынах гульню прапускалі Дамінік Фурх, Роб Клінкхамер, Раян Спунэр, Брэндан Козун і Бренан Менэл.
„Нёман” скасаваў кантракт з 19-гадовым беларускім хакеістам
Абаронца Антон Сядоў (2001 г.н.) пакідае „Нёман”, інфармуе прэс-служба клуба. Кантракт з гульцом скасаваны па пагадненні бакоў. Малады гулец абароны папоўніў склад „Нёмана” перад стартам бягучага сезону і паспеў правесці за „чырвона-чорных” 27 матчаў, у якіх не адзначыўся выніковымі дзеяннямі пры карыснасці „-5”. Таксама на рахунку Сядова 10 гульняў за „Нёман-2”, дзе ён набраў 5 (2 + 3) ачкоў, – піша hockey.by.
Аляксей Вішнеўскі заняў 4-е месца на восьмым этапе „Дакара”
Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага з каманды „МАЗ-СПОРТаўта” заняў чацвёртае месца на восьмым этапе „Дакара-2021”.
Адлегласць у 709 км беларус са сваім экіпажам пераадолеў за 3 гадзіны 27 хвілін 34 секунды. Гэта амаль на 8 хвілін павольней, чым пераможца этапу расеец Антон Шыбалаў, які выступае за каманду „КАМАЗ-Майстар»
У агульным заліку Дзмітрый Сотнікаў з „КАМАЗ-Майстра» працягвае займаць лідыруючую пазіцыю.
Беларускае Радыё Рацыя