Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці патрабуе пажыццёва адхіліць Баскава
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці ініцыяваў запыт па прыцягненні Дзмітрыя Баскава, старшыні Федэрацыі хакея Беларусі і члена Выканкама НАК, да дысцыплінарнай адказнасці па лініі Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) і Міжнароднага алімпійскага камітэта.
БФСС хоча дамагчыся поўнай забароны Дзмітрыю Баскаву на прадстаўленне алімпійскага руху ў Беларусі і пажыццёвую забарону на ўдзел у любых хакейных мерапрыемствах, паведамляе БФСС.
«Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, які абараняе правы беларускіх атлетаў, ініцыяваў запыт па прыцягненні старшыні Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, члена выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Баскава да дысцыплінарнай адказнасці па лініі Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) і Міжнароднага алімпійскага камітэта», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве БФСС.
Запыты ў згаданыя спартыўныя структуры былі адпраўленыя 1 снежня 2020 года.
Нагадаем, што раней сведкі заявілі, што бачылі 11 лістапада на «Плошчы Пераменаў» чалавека, падобнага на Дзмітрыя Баскава. У той вечар быў збіты Раман Бандарэнка, на наступны дзень ён памёр у шпіталі. Пазней у сеціве з’явіўся запіс размоваў, у якім два чалавекі з галасамі, падобнымі на галасы Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, абмяркоўвалі гэтую сітуацыю, а таксама, як мяркуецца, паміж Баскавым і прэс-сакратаром Лукашэнкі Наталляй Эйсмант, у якім яны плануюць рэйд па раёнах для зразання стужачак.
Магчымы ўдзел Баскава ў тым інцыдэнце і пры гэтым правядзенне чэмпіянату па хакеі 2021 года ў Беларусі выклікала бурлівую рэакцыю ў самых папулярных еўрапейскіх СМІ.
Да прыкладу, вядомы шведскі журналіст Пер Бюрман напісаў калонку для вядучай шведскай газеты Aftonbladet, дзе заявіў: «Абсалютна відавочна, што немагчыма праводзіць турнір у краіне, у якой дзяржава тэрарызуе пратэстоўцаў, а кіраўнік федэрацыі хакея, па ўсёй верагоднасці, звязаны з карнікамі».
У заходняй прэсе маючы адбыцца чэмпіянат ужо назвалі «гульнёй замерзлай крыві» (a game of frozen blood).
На лісты БФСС, у тым ліку датычныя Баскава, раней адрэагаваў і Міжнародны алімпійскі камітэт: «З прычыны росту колькасці трывожных паведамленняў, якія тычацца спартсменаў, афіцыйных асоб і спорту ў Беларусі, выканкам МАК вырашыў ініцыяваць афіцыйную працэдуру з мэтай разгляду адпаведных мер або санкцый у дачыненні да НАК Рэспублікі Беларусь».
«Міжнародная супольнасць абураная выпадкамі парушэння правоў спартоўцаў у Беларусі, і любыя падазрэнні ў адрас функцыянераў такога ўзроўню, як Дзмітрый Баскаў, кідаюць цень і кампраметуюць увесь беларускі спорт — заявіў выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін. — Маўчанне НАК Беларусі, чакальная пазіцыя федэрацыі хакея Беларусі непрымальныя і дыскрэдытуюць не толькі беларускі спорт, але і рэспубліку ў цэлым. Баскаву няма месца ў спартыўным руху».
Паводле АФН, TUT.BY, REFORM.by