Беларускі нападнік падпісаў кантракт з «Кінгстанам» з OHL
Нападнік Віталь Пінчук падпісаў кантракт з «Кінгстанам», паведаміў у сваім інстаграме агент гульца Дэн Мільштэйн. «Фронтнакс», якія выступаюць у хакейнай лізе Антарыё, выбралі форварда на драфце CHL ў другім раўндзе пад агульным 62-м нумарам.
Фота hockey.by
Віталь Пінчук мінулы хакейны сезон правёў у зборных U-17 і U-18. У 17 матчах Вышэйшай лігі за U-17 нападнік зарабіў 19 дзейсных балаў.
Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу ў Нур-Султане, Ілля Івашка прабіўся ў 2-й круг у Ньюпорце
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (137-ы нумар рэйтынгу АТР) паспяхова стартаваў на турніры серыі „Чэленджэр” ў казахстанскім Нур-Султане. У паядынку 1/16 фіналу беларус перайграў у двух сэтах расейца Канстанціна Краўчука (462) – 7:5, 6:4. У матчы за выхад у чвэрцьфінал супернікам Ягор Герасімава будзе японскі тэнісіст Сюці Секігуці (516). На турніры ў амерыканскім Ньюпорце беларус Ілля Івашка (141) прабіўся ў другі круг, перамогшы аўстралійца Бернарда Томіча (103) – 6:2, 7:6 (7:5).
Экіпаж Аляксея Вішнеўскага стаў трэцім на заключным этапе „Шаўковага шляху”
Экіпаж „МАЗ-СПОРТаўта”, якім кіраваў Аляксей Вішнеўскі заняў трэцяе месца на заключным этапе ралі „Шаўковы шлях”. Працягласць спецучастка склала 255 км. Беларус Аляксей Вішнеўскі адстаў ад лідара этапа – гоначніка каманды „КамАЗ-майстар” Антона Шыбалова на 12 хв. 14 сек. На другой пазіцыі размясціўся расеец Андрэй Каргін. У генеральнай класіфікацыі грузавікоў лепшы вынік сярод беларускіх экіпажаў паказаў Аляксандр Васілеўскі, у яго шостае месца.
У другім адборачным раўндзе СКА згуляе з „Рыбніцай” ці „Пыльву”
У венскім офісе Еўрапейскай федэрацыі гандбола прайшло лёсаванне еўракубкаў, якое вызначыла, што менскі СКА ў другім кваліфікацыйным раўндзе Кубка ЕГФ сустрэнецца з пераможцам пары „Рыбніца” (Славенія) – „Пыльву” (Эстонія). Армейцы пачнуць адбор 5/6 кастрычніка, а сустрэчу ў адказ правядуць праз тыдзень.
„Іслач” па-ранейшаму разлічвае на Глеба
Па звестках pressball.by, магчымы пераход у „Іслач” 38-гадовага паўабаронцы Аляксандра Глеба. Для яго ў клубе ўжо гатовы кантракт. Усё залежыць ад рашэння самога Аляксандра – ці працягваць кар’еру ці завяршыць кар’еру. У пачатку чэрвеня Глеб пакінуў БАТЭ – кантракт скасаваны па пагадненні бакоў – і з тых часоў знаходзіцца ў статусе свабоднага агента.
„Тотэнхэм” прапанаваў „Рэалу” 60 мільёнаў еўра за вяртанне Гарэта Бейла
Ангельскі „Тотэнхэм” прапанаваў за форварда мадрыдскага „Рэала” Гарэта Бейла 60 мільёнаў еўра. Пра гэта паведамляе Marca. Пры гэтым, паводле звестак іспанскага выдання, лонданскі клуб гатовы выплачваць толькі палову зарплаты 29-гадовага футбаліста. Астатнія 8,5 мільёна павінны ўзяць на сябе „сметанковыя”.
Беларускае Радыё Рацыя