Беларускі паўабаронца „Тамбова” Дзмітрый Герман падазраецца ў гульні на стаўках
Двума футбалістамі „Тамбова”, якіх РФС западозрыў у гульні на стаўках, з’яўляюцца расейскі нападнік Аляксандр Еркін і беларускі паўабаронца Дзмітрый Герман. Раней стала вядома, што гульцоў выклікалі ў РФС пасля інфармацыі ад букмекераў. Падазрэнні ўзніклі па выніках матчаў з „Краснадарам” і „Сочы”. 14 сакавіка тамбаўчане саступілі ў Саранску „Краснадару” з лікам 0:4 у матчы 22-га тура чэмпіянату Расеі. 19 сакавіка каманда Сяргея Пярвушына ў гасцях прайграла „Сочы” (0:5). Падчас зімовай паўзы паведамлялася, што „Тамбоў” мог зняцца з чэмпіянату з-за даўгоў па зарплаце перад футбалістамі. „Тамбоў” з 13 ачкамі займае 16-е, апошняе месца ў турнірнай табліцы РПЛ.
Ягор Шаранговіч прызнаны першай зоркай у матчы з „Філадэльфіяй”
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе перамог „Філадэльфію” з лікам 4:3. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч запісаў у свой актыў гол і выніковую перадачу. Беларус быў прызнаны першай зоркай матчу.
Ягор Шаранговіч з сямю галамі ў чэмпіянаце дзеліць другое месца ў спісе лепшых снайпераў клуба. Столькі ж раз закінулі Джэк Х’юз і Павел Заха. У лідара Майлза Вуда – дзевяць закінутых шайбаў.
УЕФА адмовіцца ад фінансавага fair play
УЕФА мае намер адмовіцца ад сістэмы фінансавага fair play, сцвярджае журналіст Танкрэда Палм’еры ў Twitter. У бліжэйшы час будзе анансаваная новая сістэма фінансавага кантролю, якая прадставіць клубам больш свабоды для правядзення трансфераў. Фінансавы fair play быў уведзены з сезона-2011/12. Па ім клубы не павінны марнаваць сродкаў больш, чым яны зарабляюць. За яго парушэнне шэраг клубаў ужо атрымлівалі штрафы, а некаторыя былі выключаныя з еўракубкаў.
„Мілан” прапануе Джанлуіджы Доннаруме кантракт на 8 мільёнаў еўра
„Мілан” прапануе брамніку Джанлуіджы Доннаруме кантракт з заробкам у 8 мільёнаў еўра, паведамляе Football Italia. Паводле інфармацыі крыніцы, „Расанеры” хочуць утрымаць 22-гадовага італьянца ў камандзе і гатовыя павысіць яго заработную плату. Цяпер гулец атрымлівае 6 мільёнаў еўра ў год. Паведамляецца, што бок футбаліста, які прадстаўляе агент Міна Райола, яшчэ не даў адказ з нагоды прапановы клуба.
Галоўны трэнер „Гомеля” Сяргей Стась дыскваліфікаваны на адзін матч за абразу суддзяў
Галоўны трэнер „Гомеля” Сяргей Стась дыскваліфікаваны на адзін матч за абразу суддзяў. Рашэнне прынята па выніках чацвёртай гульні паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі з „Шахцёрам” (2:0). Таксама па выніках гэтай сустрэчы на тры гульні дыскваліфікаваны форвард гарнякоў Раман Маліноўскі – за няправільную атаку з нанясеннем суперніку траўмы, паведамляе прэс-служба ФХБ.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя