Беларускі прайгралі амерыканкам у фінале Кубку Федэрацыі



У нядзелю айчынныя заўзятары перажывалі за беларускіх тэнісістак у фінале Кубку Федэрацыі. Напомнім, што пасля першага дня спабору лік быў нічыйны 1:1.

Першымі на корт у нядзелю выйшлі Арына Сабаленка і Кока Вандэвеге. Сабаленка мела адзін сет-бол, але не рэалізавала яго. Лёс першага сету вырашаўся толькі на тай-брэку. На ім беларуска была наперадзе ажно 4:1, але праваліла канцоўку. У выніку 6:7. У другой партыі сказаўся больш высокі клас амерыканкі, якая ёсць на сёння 10-й ракеткай свету. Сабаленка саступіла гэты сет без шанцаў – 1:6. Такім чынам агульны лік матчу стаў 2:1 на карысць ЗША.

Наступная сустрэча, у якой зышліся Аляксандра Сасновіч (87-я ракетка свету) і Слоан Стывенс (13-я), прадэманстравала ўсю сутнасць жаночага тэніса і змусіла нервавацца беларускіх заўзятараў па-сапраўднаму. Першая партыя прайшла ў роўным і зацятым змаганні. Пры ліку 4:4 Стывенс узяла чужую падачу і завяршыла сет на сваю карысць 6:4. У другой партыі гульня Сасновіч метамарфозна перамянілася. Назіралася поўная перавага беларускі і ўрэшце яна выйграла другі адрэзак разгромна 6:1. Але Стывенс і не думала здавацца. У вырашальным сеце яна павяла ажно 5:2. Так што, здавалася, у беларускі няма ніякіх шанцаў. Але трэба ведаць характар Аляксандры – яна сапрадны матчавы гулец. Беларуска ўзяла ажно 4 геймы запар (!) і выйшла наперад 6:5. Сасновіч падавала на матч, але не здолела адразу паставіць пераможны акорд. Такім чынам паводле рэгламенту належала гуляць не звыклы тай-брэк, а да розніцы ў два ачкі. І тут Аляксандра Сасновіч ужо не схібіла. Узяўшы спярша падачу суперніцы, яна завяршыла матч на сваёй падачы – 8:6. Лік у матчы стаў 2:2.

Лёс фінальнай сустрэчы вырашаўся ў парным паядынку. Капітан беларускай дружыны ў такой сітуацыі памяняў заяўку. Ён не даверыў выступаць маладым тэнісісткам Веры Лапко і Лідзіі Марозавай і пастанавіў выпусціць на корт тых жа Сабаленку з Сасновіч. Амерыканкі таксама зрабілі замену – разам з Шэлбі Роджэрс на пляцоўку выйшла паспяховая Вандэвеге.

Першы сет парнай сустрэчы амерыканкі выйгралі 6:3. У другой партыі беларускі былі наперадзе ажно 5:2, двойчы падавалі на сет, але няўдала. Пры ліку 5:4 Беларусь мела трайны сет-бол, але не рэалізавала яго. Так дайшло да 6:6, а на тай-брэку выйграли амерыканкі. 

Беларуская каманда, аднак, заслугоўвае сама добрых і цёплых слоў.

Беларускае Радыё Рацыя