Беларускі прайгралі бітву за бронзу Еўрабаскета-2015



Беларускія баскетбалісткі прайгралі матч за бронзу зборнай Іспаніі з  лікам 58:74 і занялі выніковае 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы, які завяршыўся ў Будапешце. Характэрна, што ў іспанак набіралі ачкі толькі 5 баскетбалістак. Прычым асноўная частка здабычы на рахунку трох спартовак – Торэнс, Харгай  і Ндур, якія зарабілі 62 з 74 камандных балаў.

У складзе каманды Буяльскага зноў лідарскія якасці дэманстравала Леўчанка – на яе рахунку дабл-дабл 13 ачкоў і 15 падбораў, яшчэ 13 ачкоў дадала Зюзькова.

Зборная Беларусі другі раз у сваёй гісторыі займае 4-е месца на Еўрабаскеце. Папярэдні раз беларускі спрачаліся за бронзу ў 2009 годзе ў Рызе, і таксама саступілі ў бітве за трэцяе месца іспанкам.

У матчы за золата змагаліся крыўдзіцелькі беларусак сербкі і францужанкі. Прайграючы на працягу амаль паловы сустрэчы, сербкі ўпершыню дагналі францужанак толькі за 42 секунды да заканчэння другой чвэрці. У трэцім перыядзе балканкі перахапілі ініцыятыву, некалькі разоў адрываючыся ў ліку на 7 ачкоў. Францужанкі паспрабавалі здзейсніць камбэк ў пачатку чацвёртага перыяду, але бліжэй, чым на 2 ачкі сербкі іх не падпускалі, давёўшы сустрэчу да сенсацыйнай перамогі.

На правах чэмпіёнак Еўропы сербскія баскетбалісткі заслупавалі за сабой прамы пропуск на Алімпіяду-2016 у Рыа-дэ-Жанейра.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота sport.tut.by