Жаночая зборная Беларусі па валейболе пацярпела трэцюю запар паразу



Жаночая зборная Беларусі па валейболе пацярпела трэцюю запар паразу на першым этапе чэмпіянату Еўропы ў Браціславе, саступіўшы камандзе Славакіі з лікам 2:3. Пасля двух стартавых няўдач беларускі былі вельмі блізкія да перамогі над славачкамі, якія да гэтага святкавалі дзве вікторыі. Сустрэчу з гаспадынямі турніру падначаленыя Пятра Хілько пачалі выдатна, выйграўшы дзве партыі запар з аднолькавым лікам 25:22. Аднак славацкія валейбалісткі змаглі выправіць сітуацыю, выйграўшы трэці сэт з лікам 26:17 і чацвёрты — 25:18. У вырашальнай партыі поспех таксама была на баку славацкай зборнай — 16:14. У сераду зборная Беларусі згуляе з Нямеччынай, а на наступны дзень правядзе апошні матч першага этапу супраць Швейцарыі.

Шэршань, Мінько і Даніловіч не прайшлі ў фіналы чэмпіянату свету па дзюдо

Японскі атлет Ёсіра Маруяма стаў пераможцам у вагавой катэгорыі 66 кг у другі дзень чэмпіянату свету па дзюдо, які праходзіць у Токіа. У фінальным паядынку японец перамог дзюдаіста з Рэспублікі Карэя Лім Хван Кіма. У жанчын на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася японка Уцэ Абэ (вага 52 кг). Сярод беларускіх спартоўцаў змагаліся Дзмітрый Шэршань і Дзмітрый Мінько (абодва 66 кг) і Ксенія Даніловіч (вага 52 кг). Беларускія дзюдаісты не змаглі прабіцца ў медальныя паядынкі. Сёння на татамі сусветнага форуму выйдзе беларус Вадзім Шока ў вагавай катэгорыі 73 кг. Усяго ў чэмпіянаце бяруць удзел больш за 830 спартоўцаў са 140 краін.

Сасновіч з перамогі стартавала на US Open, сёння – беларускае дэрбі

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч пераможна стартавала на апошнім у сезоне турніры серыі „Вялікага шлема” – адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Нью-Ёрку. У паядынку 1/64 фіналу адзіночнага разраду беларуска сустракалася з амерыканкай Джэніфер Брэдзі і ўпэўнена выйграла 6:1, 4:6, 6:0. У другім раўндзе саперніцай Аляксандры будзе тэнісістка з Туніса Унс Джабір. Амерыканка Серэна Уільямс без праблем абыграла расейку Марыю Шарапаву 6:1, 6:1. Працягласць матчу склала 59 хвілін. Лік асабістых сустрэч тэнісістак стаў 20-3 на карысць амерыканкі.

Сёння ў Нью-Ёрку адбудзецца беларускае дэрбі: Арына Сабаленка згуляе з экс-першай ракеткай планеты Вікторыяй Азаранкай. У мужчынскім адзіночным разрадзе выступяць два беларусы, якія паспяхова пераадолелі 3 кваліфікацыйныя раўнды. На старце асноўнага этапу Ягор Герасімаў згуляе з паўднёваафрыканскім тэнісістам Лойдам Харысам, а супернікам Іллі Івашкі будзе аўстраліец Танасе Кокінакіс.

«Цмокі» падпісалі амерыканскую цэнтравую

Баскетбольны клуб „Цмокі-Менск” дамовіўся аб супрацоўніцтве з амерыканскай цэнтравой Адэрай Чыдом. Адэра сваю баскетбольную кар’еру пачала ў старэйшай школе Bishop O’Dowd. Затым былі чатыры гады ў студэнцкай лізе NCAA за ўніверсітэт Duke і драфт у трэцім раундзе ў Atlanta Dream, WNBA. Але практычна адразу амерыканка адправілася ў Еўропу. Сезон-2017/18 яна правяла ў Cinkarna Celje з якой стала чэмпіёнкай першай славенскай баскетбольнай лігі, а ў мінулым сезоне гуляла ў AO Dafni Agioy Dimitriou у грэцкай лізе.

Статыстыка цэнтравой: 16.3 ачка, 11 падбораў, 2.6 перадач, 2.1 блокшота ў сярэднім за гульню, адзначае афіцыйны сайт менскага клуба.

Карпаў правёў шахматны марафон у Салігорску

Міжнародны гросмайстар, 16-разовы чэмпіён свету па шахматах, 11-разовы ўладальнік шахматнага Оскара расеец Анатоль Карпаў прыняў удзел у Першым шахматным марафоне, прымеркаваным да Дня шахцёра, які прайшоў у Салігорску. Знакаміты спартовец правёў сеанс адначасовай гульні на 17 дошках з юнымі чэмпіёнамі і прадстаўнікамі Салігорска. Вынікам сеансу сталі 14 перамог гросмайстра. Максіму Лугініну, Марыі Дубовік і Івану Пятрэнку атрымалася згуляць унічыю. Падчас візіту Анатоля Карпава абмяркоўвалася таксама магчымасць адкрыцця школы шахмат знакамітага спартоўца ў Салігорску.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя