Беларускі саступілі камандзе Нідэрландаў на ЧЕ па індор-хакеі
Зборная Беларусі саступіла аднаму з фаварытаў турніру – камандзе Нідэрландаў у матчы другога тура групавога этапу чэмпіянату Еўропы па індор-хакеі, які праходзіць у Менску, з лікам 1:4.
Сёння беларускі правядуць матч з камандай Швейцарыі. Перамога выведзе падначаленых Хермана Круіса ў паўфінал.
Немка Херман выйграла індывідуальную гонку на этапе Кубка свету
Нямецкая біятланістка Дэніз Херман заняла першае месца ў індывідуальнай гонцы на шостым этапе Кубка свету, які праходзіць у славенскай Паклюцы. Херман бездакорна страляла і пераадолела 15 км за 41 хвіліну 33,4 секунды. Другой стала шведка Ханна Эберг. Замкнула тройку лідараў францужанка Анаіс Бяскон. Лепшы вынік у беларускіх біятланістак паказала Алена Кручынкіна, стаўшы 36-й. Ганна Сола заняла 56-ю пазіцыю, Ірына Кручынкіна – 64-ю. Ірына Крыўко не фінішавала.
Берасцейскае «Дынама» згуляла ўнічыю з «Марыупалем»
На зборах у Турцыі дзеючы чэмпіён Беларусі па футболе берасцейскае «Дынама» правяло першы кантрольны спарынг супраць украінскага «Марыупаля». Падначаленыя Сяргея Кавальчука згулялі ўнічыю з супернікам – 2:2. У берасцейцаў вызначыліся Арцём Мілеўскі і Сяргей Крывец. Збор для «Дынама» працягнецца да 3 лютага. Каманда згуляе яшчэ з кіеўскімі аднаклубнікамі, «Слованам» з Браціславы і, магчыма, самарскімі «Крыламі Саветаў».
Шканава не змагла завяршыць другую спробу на этапе Кубка Еўропы па гарналыжным спорце
Італьянка Марціна Петэрліні выйграла золата этапа Кубка Еўропы па гарналыжным спорце ў слаламе. Спаборніцтвы прайшлі ў Швейцарыі. Пераможца па суме дзвюх спроб пераадолела дыстанцыю за 1 хвіліну 34,16 секунды. Беларуска Марыя Шканава як у першы, так і ў другі дзень спаборніцтваў не змагла завяршыць другую спробу
Беларускі дзюдаіст Юсуп Бекмурзаеў выбыў з медалёвай гонкі турніру серыі Гран-пры ў Ізраілі
Беларускі спартовец Юсуп Бекмурзаеў у вагавай катэгорыі 81 кг выбыў са спісу прэтэндэнтаў на ўзнагароды прэстыжнага турніру па дзюдо серыі Гран-пры, які праходзіць ў Тэль-Авіве. Юсуп у першым паядынку быў мацней за атлета з Ісландыі. У другой сутычцы дзюдаіст зборнай Беларусі саступіў спартоўцу з Кыргызстана і завяршыў свой выступ на форуме.
Вызначаны расклад таварыскіх матчаў хакейнай зборнай Беларусі напярэдадні Чэмпіяната свету
Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі напярэдадні чэмпіянату свету правядзе на хатняй арэне серыю таварыскіх матчаў з Латвіяй і Казахстанам. Гульні запланаваны на красавік, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі. У раскладзе каманды на перыяд падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які пройдзе ў траўні ў Швейцарыі, на дадзены момант значацца шэсць спарынгаў. Чатыры з іх пройдуць у Беларусі. 10 і 11 красавіка падначаленыя Міхаіла Захарава сустрэнуцца з камандай Латвіі, а 28 і 29 красавіка — з Казахстанам. Акрамя таго, 23 і 24 красавіка зборная згуляе кантрольныя матчы супраць Нямеччыны на пляцоўках суперніка. На Чэмпіянаце свету-2020 у элітным дывізіёне беларускія хакеісты будуць выступаць у групе А, дзе іх супернікамі стануць зборныя Канады, Швецыі, Чэхіі, Нямеччыны, Славакіі, Даніі і Вялікабрытаніі.
Арамнаў, Зязюлін, Ліхарад і Ціханцоў прэтэндуюць на паездку на Гульні-2020
Трэнерскі штаб зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы вызначыў кандыдатаў на паездку на Алімпіяду-2020 у Токіо. На адзіную мужчынскую ліцэнзію прэтэндуюць Андрэй Арамнаў, Эдуард Зязюлін, Вадзім Ліхарад і Яўген Ціханцоў. У шорт-ліст не трапілі сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Рыа Вадзім Стральцоў і чэмпіён Еўропы Генадзь Лапцеў. На жаночую ліцэнзію прэтэндуюць Дар’я Навумава і Дзіна Сазанавец. Уладальнікі двух беларускіх ліцэнзій вызначацца пасля чэмпіянату Еўропы-2020, які пройдзе ў красавіку ў Маскве. Беларуская квота на Гульнях-2020 была радыкальна скарочана да двух спартоўцаў рашэннем Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі з-за вялікай колькасці допінгавых парушэнняў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Еўрапейскай федэрацыі хакея на траве