Беларускі сенсацыйна перамаглі іспанак на баскетбольным Еўра
Беларускія баскетбалісткі перамаглі іспанак на чэмпіянаце Еўропы
Баскетбалісткі зборнай Беларусі паспяхова пачалі выступы на 38-м жаночым чэмпіянаце Еўропы. У сваім першым паядынку папярэдняй групы А ў іспанскай Валенсіі падначаленыя Наталлі Трафімавай перамаглі дзеючага чэмпіёна Старога Свету каманду Іспаніі – 53:51. На апошняй секундзе заключнай чвэрці перамогу беларускам прынёс дакладны кідок Алекс Бэнтлі. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Марыя Папова, якая набрала 19 ачкоў. Сёння беларускі сустрэнуцца са зборнай Славакіі, якая на старце саступіла камандзе Швецыі 57:74.
Нідэрланды і Бельгія выйшлі ў 1/8 фіналу
Футбалісты Нідэрландаў сталі трэцімі ўдзельнікамі плэй-оф чэмпіянату Еўропы, перамогшы на хатняй арэне ў Амстэрдаме аўстрыйцаў з лікам 2:0. Госці не вытрымалі ціску ўжо на 11-й хвіліне і парушылі правілы ў сваёй штрафной плошчы. Лідэр нападаў „аранжавых” Мэмфіс Дэпай з пенальці адкрыў лік. На 67-й хвіліне ўсе пытанні пра пераможцу зняў Дэнзэл Дамфрыс пасля хуткай контраатакі нідэрландцаў. У іншым паядынку групы С футбалісты Украіны ў Бухарэсце перамаглі каманду Паўночнай Македоніі – 2:1. На 29-й хвіліне сустрэчы ў Бухарэсце лік адкрыў капітан ўкраінскай каманды Андрэй Ярмоленка, а яшчэ праз 5 хвілін Раман Ярэмчук падвоіў перавагу. У другім тайме паўночнамакедонскія футбалісты актывізаваліся і на 57-й хвіліне зарабілі пенальці. Галкіпер украінцаў Георгій Бушчан адбіў удар Эгана Аліоскі, але ён тут жа дабіў мяч у сетку. На 83-й хвіліне ужо ўкраінцы атрымалі права на пенальці, але Руслан Маліноўскі не змог перайграць брамніка супернікаў і лік не змяніўся. У папярэдняй групе В бельгійцы перамаглі ў Капенгагене датчан з лікам 2:1 і забяспечылі сабе выхад у 1/8 фіналу. Сустрэча пачалася нечакана: датчане адразу пайшлі ў атаку і ўжо на 2-й хвіліне Юсуф Поўльсэн адкрыў лік. Гаспадары працягвалі дамінаваць і напружваць абарону аднаго з галоўных фаварытаў Еўра. Адразу пасля перапынку ў складзе бельгійскай зборнай з’явіўся адзін з яе лідэраў Кевін Дэ Бройнэ. Праз 10 хвілін ён пасля сольнага праходу Рамэлу Лукаку аддаў дакладны пас Таргану Азару, які аднавіў раўнавагу. Яшчэ праз 15 хвілін ужо сам Дэ Бройнэ трапіў дакладна ў кут брамы Каспера Шмейхеля. Гэты гол стаў пераможным.
„Нёман” і „Славія” згулялі ўнічыю ў матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі
Футбалісты „Нёмана” і мазырскай „Славіі” згулялі ўнічыю 2:2 у паядынку 13-га тура чэмпіянату Беларусі. У матчы ў Гародні гаспадары выйгравалі 2:0, але не ўтрымалі перамогу, прапусціўшы два мячы ў канцоўцы сустрэчы. Абодва галы ў браму мазыран забіў Раман Грыбоўскі, госці адказалі дакладнымі ўдарамі Глеба Жэрдзева і Кірыла Паўлючака. У сталічным дэрбі „Мінск” перамог на поле стадыёна „Трактар” футбалістаў „Энергетыка-БДУ” – 2:1. Галявы дубль аформіў аргентынскі легіянер „Мінска” Майкл Лопес. Цэнтральны паядынак 13-га тура адбудзецца заўтра – мінскае „Дынама” згуляе на сваёй арэне з футбалістамі БАТЭ.
Зборная Беларусі прайграла іспанцам на старце Еўралігі па пляжным футболе
Зборная Беларусі па пляжным футболе няўдала стартавала на першым этапе чарговага розыгрышу Еўралігі ў партугальскай Назарэ. У першым матчы папярэдняй групы С беларусы саступілі адной з наймацнейшых каманд свету – футбалістам Іспаніі – з лікам 3:6. У пачатку другога перыяду беларуская каманда выйшла наперад, але потым іспанцы перахапілі ініцыятыву і ўпэўнена давялі сустрэчу да перамогі. Сёння зборная Беларусі, якую трэніруе іспанскі спецыяліст Нікалас Альварада, сустрэнецца з расейцамі.
Азаранка і Сабаленка выйшлі ў паўфінал парнага разраду тэніснага турніру ў Берліне
Беларускія тэнісісткі Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка выйшлі ў паўфінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 565,5 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале беларускі дуэт перамог у двух сэтах харвацка-амерыканскі тандэм Петра Марціч / Шэлбі Роджерс – 6:3, 6:4.