Беларускі тэнісіст Ілля Івашка выйшаў у чвэрцьфінал турніру ў Нур-Султане
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (52-ы нумар сусветнага рэйтынгу) заваяваў другую перамогу на турніры катэгорыі АТР-250 у казахстанскім Нур-Султане. У матчы другога раўнду беларус абыграў казахстанскага тэнісіста Цімафея Скатава (280) – 6:2, 6:3. У чвэрцьфінале беларус сустрэнецца з расейцам Асланам Карацавым (25).
Аляксей Протас запрошаны ў трэнінг-кэмп „Вашынгтона”
Беларускі нападнік Аляксей Протас, паспяхова адпрацаваў у лагеры пачаткоўцаў „Вашынгтона”, выкліканы ў асноўны трэніравальны кэмп сталічнага амерыканскага клуба. Усяго туды запрошаны 54 хакеісты. Протас трапіў у каманду „B” з Аляксандрам Авечкіным. На 26 верасня запланаваны выставачны матч супраць „Бостана”.
Яшчэ адзін беларускі нападнік Яўген Аксенцюк пасля ўдзелу ў лагеры пачаткоўцаў „Даласа” запрошаны ў асноўны трэнінг-кэмп тэхаскіх „зорак”. Першы выставачная матч „Далас” правядзе 27 верасня – на выездзе з „Сэнт-Луісам”.
Forbes: Крышціяну Раналду узначаліў спіс самых высокааплатных футбалістаў года
Партугальскі форвард „Манчэстэр Юнайтэд” Крышціяну Раналду заняў першае месца ў спісе самых высокааплатных футбалістаў 2021 году па версіі часопіса Forbes. Партугалец у агульнай складанасці зарабіў $125 млн, з якіх $70 млн – зарплата, $55 млн – рэкламныя кантракты. Другое месца ў рэйтынгу заняў аргентынскі форвард „Пары Сен-Жэрмен” Ліянэль Месі, які зарабіў $110 млн ($75 млн – зарплата, $35 млн – рэкламныя кантракты).
„Мяшкоў Берасце” згуляе ў гасцях у „Вардара” ў другім туры гандбольнай Лігі чэмпіёнаў
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” правядуць сёння свой другі паядынак новага сезона Лігі чэмпіёнаў. У матчы другога тура папярэдняй групы А чэмпіёны Беларусі згуляюць у Скоп’е супраць паўночнамакедонскага „Вардара” (пачатак у 21.45). На мінулым тыдні ў стартавым паядынку „Мяшкоў Берасце” саступіў дома нямецкаму „Кілю” з вынікам 30:33. Гандбалісты „Вардара” згулялі ўнічыю ў гасцях у нарвежскага „Эльверума” – 27:27.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя