Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў прабіўся ў 1/8 фіналу турніру ў Сафіі
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (112-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабіўся ў другі раўнд турніра ў Сафіі. У 1/16 фіналу беларус адолеў Канадца Вашэка Паспішыла (68) – 5:7, 7:6 (10:8), 6:3. У матчы за выхад у чвэрцьфінал Ягор Герасімаў сустрэнецца з 14-й ракеткай планеты Янікам Сінерам з Італіі.
На жаночым турніры ў амерыканскім Чыкага Вікторыя Азаранка (34) перамагла ў дзвюх партыях кітаянку Чжан Шуай (49) – 6:2, 6:1. У 1/16 фіналу беларуска згуляе з амерыканкай Хэйлі Баптыст (174).
Беларус Ілья Івашка (45 АТП) выйшаў у другі круг турніру АТП-250 у Сафіі. У матчы стартавага раўнда першая ракетка Беларусі абыграў іспанца Пабла Андухара (92) – 6:4, 6:3. Наступным супернікам Івашка стане француз Гаэль Манфіс (20).
Беларуска Вікторыя Шаманоўская адмовілася ад выступаў за зборную Беларусі
Беларуская гандбалістка Вікторыя Шаманоўская вырашыла адмовіцца ад выступаў за зборную Беларусі і прыняць расейскае грамадзянства. У мінулым сезоне Шаманоўская выступала за „Ладу”. Па выніках сезона-2020/21 была прызнана найлепшай лінейнай чэмпіянату Расеі. У новым сезоне 28-гадовая спартоўка будзе бараніць колеры ЦСКА.
Менскае «Дынама» адправіла Шостака, Дзярабіна, Дзянісава і Пінчука ў фарм-клуб
Менскае «Дынама» камандзіравала 4 хакеістаў у фарм-клуб. Брамнік Ян Шостак, абаронцы Дзмітрый Дзярабін і Павел Дзянісаў і нападнік Віталь Пінчук былі адпраўленыя ў «Дынама» Маладэчна. Усе чатыры хакеіста змогуць прыняць удзел у матчы Экстралігі, дзе «Дынама» з Маладэчна згуляе супраць «Магілёва».
УЕФА і КОМНЕБОЛ заснавалі кубак, за які будуць змагацца пераможцы чэмпіянату Еўропы і Кубка Амерыкі
УЕФА сумесна з КОНМЕБОЛ стварылі кубак, за які будуць змагацца пераможца Еўра і пераможца Кубка Амерыкі. Футбольныя Асацыяцыі ўжо абвясцілі аб правядзенні матчу паміж пераможцамі Еўра-2020 зборнай Італіі, і пераможцамі Кубка Амерыкі-2021, зборнай Аргентыны, падчас акна на матчы зборных у чэрвені 2022 года.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя