Беларускі ў Цынцынаці: Азаранка і Сабаленка ідуць далей
Стартаваў буйны жаночы тэнісны турнір у амерыканскім Цынцынаці (прызавы фонд 2 874 299 даляраў). На яго старце дзве беларускія прадстаўніцы перамаглі, адна выбыла.
У першым раўндзе Вікторыя Азаранка (на сёння 87-я ракетка свету) у трох партыях перамагла іспанку Карлу Суарас-Навара (27-ы нумар сусветнага рэйтынгу) – 6:7 (5:7), 6:2, 6:4.
Іншая беларуска Аляксандра Сасновіч (36-я ракетка), якая выбілася ў асноўны раўнд з кваліфікацыі, перамогшы суайчынніцу Веру Лапко, не змагла адолець добра вядомую ёй славачку Вікторыю Кужмаву (57-ы нумар). Сасновіч абсалютна праваліла першы і трэці сет. Вынік такі – 0:6, 6:4, 1:6.
Нарэшце Арына Сабаленка, якая з панядзелка зноў стала першай ракеткай Беларусі (34-ы нумар асацыяцыі), у трох сетах змагла ўзяць верх над вядомай брытанкай Джаанай Контай (39-я ракетка свету) – 4:6, 6:3, 6:4. Матч доўжыўся больш дзвюх гадзін, а перамогу Сабаленка здабыла толькі з чацвёртага матч-болу. Беларускае Радыё Рацыя