Беларускі велагоншчык стаў другім на Гран-пры Лугана
Беларус Аляксандр Рабушэнка фінішаваў другім у велагонцы на шашы „Гран-пры Лугана” ў Швейцарыі.
У фінішным спурце ў Аляксандра змог выйграць толькі яго партнёр па камандзе італьянец Дыега Уліс. Трэцім фінішаваў вядомы славенец Мацей Мохарыч.
* * *
Лідар нацыянальнай каманды Беларусі па парусным спорце Таццяна Драздоўская заваявала сярэбраны медаль у класе яхт „Лазер-Радыял” у фінале Кубка свету, які прайшоў у Марсэлі (Францыя). На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася спартоўка з Літвы Вікторыя Андрула. Бронзавы медаль дастаўся яхтсменцы з Харватыі Алене Вараб’ёвай.
* * *
Беларуска Аліна Гарноська перамагла ў практыкаванні з булавамі на Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў Чэхіі. Выступленне спартоўкі суддзі ацанілі ў 21,900 бала. На другую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася балгарская гімнастка Катрын Тасева (20,900), бронзавую ўзнагароду заваявала ўкраінка Вікторыя Анапрыенка (20,750). У практыкаванні са стужкай Аліна Гарноська спынілася на другой пазіцыі, паказаўшы вынік 19,050. На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзнялася расейка Арына Аверына (20,000). Бронзавую ўзнагароду заваявала Катрын Тасева (18,400).
* * *
Бейсбалісты клуба „Мінск” занялі чацвёртае месца ў розыгрышы Кубка Еўрапейскай канфедэрацыі бейсбола, які завяршыўся ў чэшскім Брно. У паядынку за 3-е месца другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру менчукі на роўных змагаліся з французскім клубам „Манціньі”, але саступілі ў дадатковым інінгу з лікам 2:3. На першым этапе спаборніцтваў шматразовыя чэмпіёны Беларусі занялі другое месца ў групе А. У паўфінале яны саступілі гаспадарам турніру бейсбалістам „Брно” з лікам 1:15. У вырашальным матчы „Хайдэнхайм” перайграў „Брно” з лікам 3: 0 і атрымаў пуцёўку ў галоўны кантынентальны турнір – Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў.
* * *
Беларуская кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч перамагла на міжнародным турніры Javelin Speerwurf-Festival у Ене (Нямеччына). У заключным, шостым, выхадзе ў сектар адная з лідарак сусветнага сезона ў гэтым відзе паказала вынік 62 м 93 см. 6 чэрвеня на этапе „Брыльянтавай лігі” ў Рыме беларуска, даслаўшы дзіду на 61 м 32 см, не змагла трапіць на п’едэстал. У Ене ўсё скончылася на заключнай спробе. Крысцін Хуссонг з Германіі, якая лідыравала са старту спаборніцтваў не змагла перасягнуць дасягненне беларускі. Трэцяе месца ў актыве Ганну Рані з Індыі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота PCS