Беларускі Вікторыя Кебікава і Юлія Апанасовіч пакінулі жаночы ЧС па боксе



Беларускія спартоўкі Вікторыя Кебікава і Юлія Апанасовіч выбылі з ліку прэтэндэнтак на ўзнагароды жаночага чэмпіянату свету па боксе, які праходзіць ва Улан-Удэ (Расея). Вікторыя Кебікава (вагавая катэгорыя 75 кг) саступіла мараканцы Хадзіджы Эль-Мардзі аднагалосным рашэннем суддзяў – 0:5. Юлія Апанасовіч (54 кг) таксама не змагла адолець сваю суперніцу – немку Урсулу Готлаб. Адзіная беларуска, якая засталася на сусветным форуме, Кацярына Кавалёва (звыш 81 кг) правядзе свой паядынак 10 кастрычніка.

Аляксей Кульбакоў прызначаны галоўным арбітрам на матч кваліфікацыі Еўра-2020 Данія – Швейцарыя

Беларус Аляксей Кульбакоў прызначаны галоўным арбітрам на матч адборавага турніру чэмпіянату Еўропы-2020 у групе D паміж зборнымі Даніі і Швейцарыі. Разам з Кульбаковым на матчы, які мае адбыцца 12 кастрычніка, будуць працаваць беларусы Дзмітрый Жук і Алег Маслянка. Чацвёртым рэферы стане Дзяніс Шчарбакоў.

Аляксей Протас стаў першай зоркай дня ў WHL

У Канадскай хакейнай лізе (CHL) адбыліся чарговыя матчы. Беларускі форвард Аляксей Протас стаў першай зоркай дня ва ўсёй лізе. Нападнік набраў 3 (1+2) ачкі і быў прызнаны першай зоркай матчу. У гэтым сезоне на яго рахунку 11 (4+7) ачкоў у 7 гульнях. «Реджайна Пэтсі» саступіла «Эдмантан Ойл Кінгс» з лікам 3:5. У пераможцаў беларус Уладзімір Алістраў адзначыўся голам у большасці пасля адзінага кідка. Ён падоўжыў дзейсную серыю да пяці матчаў. У гэтым сезоне на яго рахунку 8 (4+4) ачкоў у 8 гульнях.

Арына Сабаленка прэтэндуе на званне найлепшай тэнісісткі верасня

Беларуска Арына Сабаленка, японка Наомі Осака і чэшка Караліна Плішкава ўвайшлі ў лік кандыдатаў на званне найлепшай тэнісісткі верасня 2019 года. Галасаванне завершыцца ў суботу, 12 кастрычніка. Пераможца будзе названа 14 кастрычніка.

Форвард «Баварыі» Томас Мюлер мае намер зімой пакінуць клуб

Нападаючы Томас Мюлер хоча пакінуць «Баварыю». 30-гадовы форвард мае намер абмеркаваць сваю будучыню з кіраўніцтвам клуба ў гэтым месяцы падчас паўзы на матчы нацыянальных зборных. Немец гатовы змяніць каманду ўжо ў студзені. Ён незадаволены малой колькасцю гульнявой практыкі, а таксама лічыць, што ў клубе яго недастаткова шануюць.

У Мальмё адкрылі помнік Златану Ібрагімавіч

8 кастрычніка ў шведскім Мальмё ўрачыста адкрылі помнік нападніку Златану Ібрагімавічу, якога дзясяты год запар назвалі найлепшым футбалістам краіны. Зорны гулец прысутнічаў на цырымоніі. Ібрагімавіч нарадзіўся і пачынаў футбольную кар’еру менавіта ў Мальмё.

Беларускае Радыё Рацыя