Беларускі закончылі выступленні ў Цынцынаці



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не змагла выйсці ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі „Прэм’ер” у амерыканскім Цынцынаці.

У 1/16 фіналу беларуска сустракалася з грэцкай тэнісісткай Марыяй Сакарай і саступіла ў трохсэтавым паядынку – 7:6 (7: 4), 4:6, 4:6. Нагадаем, раней свае выступы ў Цынцынаці завяршылі яшчэ тры беларускія тэнісісткі. Вікторыя Азаранка ў другім раундзе саступіла харватцы Доне Векіч – 2:6, 5:7. Аляксандра Сасновіч на гэтай жа стадыі прайграла лідару сусветнага рэйтынгу японскай тэнісістцы Наомі Осацы – 6:7, 6:2, 2:6. На старце парнага разраду Лідзія Марозава і славенка Катарына Срэбатнік прайгралі аўстралійска-амерыканскаму тандэму Моніка Адамчак / Кейтлін Крысціян – 2:6, 5:7.

Украінскі футбаліст забіў тры галы ў адным матчы – адзін у сваю браму

Чэмпіён Латвіі  футбольны клуб «Рыга” ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшаў у плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы, але канцоўка матча ў адказ з больш знакамітым ХІКам выдалася нервовай. Першы матч у сталіцы Латвіі скончыўся з лікам 1:1. У Фінляндыі нашы суседзі саступалі з пятай хвіліны, калі ў гаспадароў вызначыўся Форсэл. Украінскі форвард гасцей Раман Дзебелка, які перайшоў у «Рыгу» ў чэрвені, зраўняў лік толькі на 63-й хвіліне, але ўжо на 70-й зрэзаў мяч у сваю браму. Хлопец не разгубіўся і на 81-й хвіліне зноў забіў. Вынік – 2: 2. За права выхаду ў групавую стадыю Лігі Еўропы рыжане сустрэнуцца з «Капенгагенам». Раней латвійскі клуб выбіў з турніру знаёмы па гульнях з БАТЭ польскі «Пяст» і ірландскі «Дандалк».

Міхайлічэнка замяніў Хацкевіча ў кіеўскім «Дынама»

Знакаміты ўкраінскі футбаліст Аляксей Міхайлічэнка змяніў Аляксандра Хацкевіча на пасадзе галоўнага трэнера кіеўскага „Дынама”. У штаб Аляксея Міхайлічэнкі увайшоў яго былы партнёр па „Дынама” Вадзім Еўтушэнка. Аляксей Міхайлічэнка ўжо ўзначальваў кіеўскае „Дынама” ў 2002-2004 гадах. Пад яго кіраўніцтвам „бела-сінія” двойчы сталі чэмпіёнамі Украіны, а таксама па адным разе перамагалі ў Кубку і Суперкубку краіны. Як паведамлялася, пасля нічыйнага зыходу хатняга матча кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з бельгійскім „Бруге”, які не дазволіў дынамаўцам прайсці далей, беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч быў адпраўлены ў адстаўку.

Расейскі ветэран працягне выступаць за «зуброў»

Расейскі форвард Аляксей Цярэшчанка працягне выступы за хакейны клуб „Дынама-Мінск”. 38-гадовы нападнік заключыў пробнае пагадненне з „зубрамі”. У мінулым сезоне Аляксей Цярэшчанка ўжо выступаў у „Дынама”: згуляў 30 матчаў, набраў 16 ачкоў, бліжэй да канца сезона ён стаў капітанам каманды. Раней Аляксей Цярэшчанка абараняў колеры трох вядомых клубаў: маскоўскага „Дынама”, казанскага „Ак Барса” і уфімскага „Салавата Юлаева”, і ў кожным з іх форвард станавіўся чэмпіёнам. „Гульцы павінны выходзіць на лёд з унутраным перакананнем, што мы можам выйграць у любога суперніка. Таму нам патрэбныя ў складзе людзі, якія ўмеюць перамагаць, такія як трохразовы чэмпіён свету і пяціразовы чэмпіён Расеі Аляксей Цярэшчанка”, – адзначыў генеральны дырэктар „Дынама-Мінск” Дзмітрый Баскаў.

У Менску стартуе этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы

Каля 200 грацый з 32 краін прымуць удзел у этапе Кубка свету БСБ-Банк па мастацкай гімнастыцы ў Менску. Спаборніцтвы пройдуць у Палацы мастацкай гімнастыкі з 16 па 18 жніўня. Беларускую зборную на турніры ў індывідуальных відах прадставяць Кацярына Галкіна і Анастасія Салос. Выступіць таксама каманда ў групавых практыкаваннях. Акрамя беларусак за ўзнагароды спаборніцтваў будуць змагацца многія зорныя гімнасткі. Сярод іх шматразовыя чэмпіёнкі свету расіянкі Дзіна і Арына Аверыны, прызёр чэмпіянатаў свету, пераможца шматбор’я мінулага менскага этапа ізраільцянка Лінай Ашрам ды іншыя.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters