Беларускі завяршылі выступ на чэмпіянаце Еўропы па валейболе



Валейбалісткі зборнай Беларусі пятай запар паразай завяршылі выступы на чэмпіянаце Еўропы ў славацкай Браціславе. У заключным паядынку папярэдняй стадыі беларускі саступілі яшчэ аднаму аўтсайдару турніру камандзе Швайцарыі з лікам 1:3. Самай выніковай у складзе беларускай каманды стала Ганна Клімец – на яе рахунку 21 ачко. Такім чынам, на групавым этапе беларускія валейбалісткі занялі апошняе месца.

У Манака прайшло лёсаванне групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

Дзеючы пераможца англійскі «Ліверпуль» выступіць у квартэце Е разам з італьянскім «Напалі», аўстрыйскім «Зальцбургам» і бельгійскім «Генкам». Самы тытулаваны клуб Старога Свету мадрыдскі «Рэал», які 13 разоў выйграваў галоўны клубны трафей, згуляе ў групе А, дзе яго апанентамі будуць французскі «Пары Сэн-Жэрмэн», бельгійскі «Бруге» і турэцкі «Галатасарай». Чэмпіён Расіі «Зеніт» трапіў у групу G разам з партугальскай «Бенфікай», французскім «Ліёнам» і нямецкім «Лейпцыгам».

Яшчэ адзін расейскі прадстаўнік «Лакаматыў», у квартэце D будзе супернічаць з італьянскім «Ювентусам», іспанскім «Атлетыка» і нямецкім «Баерам». Данецкі «Шахцёр» згуляе ў групе С, дзе ў барацьбе за выхад у плэй-оф сустрэнецца з англійскім «Манчэстэр Сіці», заграбскім «Дынама» і італьянскай «Аталантай».

Склады астатніх груп:

В – «Баварыя» (Мюнхен), «Тотэнхэм» (Лондан), «Алімпіякас» (Пірэй), «Црвена Звезда» (Бялград). F – «Барселона» (Іспанія), «Барусія» (Дортмунд), «Інтэр» (Мілан), «Славія» (Прага). H – «Чэлсі» (Лондан), «Аякс» (Амстэрдам), «Валенсія» (Іспанія), «Ліль» (Францыя). Першыя матчы групавога этапу новага сезона Лігі чэмпіёнаў адбудуцца 17 верасня, заключныя гульні пройдуць 11 снежня.

Левандоўскі падоўжыў кантракт з «Баварыяй» да 2023 года

Мюнхенская «Баварыя» на афіцыйным сайце абвясціла аб працягу пагаднення з нападнікам Робертам Левандоўскім да 30 чэрвеня 2023 года. Ранейшы кантракт паляка быў разлічаны да 30 чэрвеня 2021 года.

«Баварыя» стала для мяне радзімай. Мая сям’я таксама адчувае сябе ў Мюнхене вельмі камфортна. Упэўнены, што ў наступныя гады мы шмат чаго даможамся. «Баварыя» – адзін з найвялікшых клубаў у свеце, у нас цудоўная каманда. Ганаруся быць часткай гэтага клуба», – сказаў Роберт.

Левандоўскі перайшоў у «Баварыю» летам 2014 года на правах вольнага агента. Раней паляк абараняў колеры дортмундскай «Барусіі».

У гэтым сезоне 31-гадовы форвард забіў 5 мячоў у 2 сустрэчах нямецкай Бундэслігі. Яшчэ адзін гол Роберт запісаў у актыў у матчы Кубка Нямеччыны.

Сасновіч скончыла выступы на US Open

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не змагла выйсці ў трэці раўнд адкрытага чэмпіянату ЗША ў Нью-Ёрку. У паядынку 1/32 фіналу беларуска сустракалася з тэнісісткай з Туніса Унс Джабір і выйграла першую партыю з лікам 6:3. Аднак затым суперніца перахапіла ініцыятыву і ўзяла два сэты запар – 6:4, 6:2. Гульня працягвалася 1 гадзіну 50 хвілін. У першым раўндзе US Open Аляксандра Сасновіч перайграла амерыканку Джэніфер Брэдзі – 6:1, 4:6, 6:0.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя