Беларускі згуляюць у фінале турніру ў Тунісе
У фінале турніру ІТФ ў Тунісе сустрэнуцца тэнісісткі з Беларусі Юлія Гатоўка і Шалімар Тальбі.
Шалімар Тальбі
У 1/2 фінале Гатоўка аказалася мацнейшай за расейку Дар’ю Астахаву – 6:1, 6:2. А Шалімар Тальбі за выхад у вырашальную стадыю абыграла суайчынніцу Ганну Кубараву (6:3, 6:3).
Кімі Райканен застанецца ў „Альфа Рамэа” на сезон-2021
Кімі Райканен прыняў рашэнне застацца ў „Альфа Рамэа” на сезон-2021. 40-гадовы фін плануе правесці яшчэ адзін сезон у „Формуле-1”. Паведамляецца, што гоначнік актываваў опцыю падаўжэння кантракту на год, якая дзейнічала да 15 верасня. Таксама, па інфармацыі СМІ, гоначнік „Формулы-2” Мік Шумахер, сын Міхаэля Шумахера, дэбютуе ў „Формуле-1” падчас пятнічнай сесіі свабодных заездаў „Гран-пры Эйфеля”, які пройдзе з 9 па 11 кастрычніка.
Матч „Энергетык”-БДУ – „Слуцк” перанесены другі раз за месяц
Матч 23-га тура чэмпіянату Беларусі „Энергетык” – „Слуцк” зноў перанеслі. На гэты раз – з 30 верасня на лістапад. Гэта звязана з хадайніцтвам гасцей, якія 2 кастрычніка павінны гуляць у матчы Кубка Беларусі. Раней гульня была перанесена па просьбе „Энергетыка”-БДУ. Тады трое футбалістаў затрымаліся ў Партугаліі ў размяшчэнні моладзевай зборнай.
Этап Гран-пры па фігурным катанні ў Лас-Вегасе пройдзе без гледачоў
Этап Гран-пры па фігурным катанні ў Лас-Вегасе (ЗША) пройдзе без прысутнасці гледачоў з-за пандэміі каронавіруса. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Федэрацыі фігурнага катання ЗША. Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU) у жніўні вырашыў правесці серыю Гран-пры з абмежаваннямі. У спаборніцтвах змогуць прыняць удзел тры катэгорыі фігурыстаў. Гэта спартоўцы, якія жывуць у краінах – гаспадынях этапаў, фігурысты, якія ў іх трэніруюцца, і тыя, хто зможа прыбыць у гэтыя краіны, выконваючы ўсе правілы бяспекі ва ўмовах пандэміі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота protennis.by