Беларускі змагаюцца з галяндкамі ў Кубку федэрацыі



У чвэрцьфінале тэніснага Кубку федэрацыі Сусветнай лігі зборная Беларусі прымае ў Менску нацыянальную дружыну Нідэрляндаў.

Першымі на корт у суботу выйшлі Аляксандра Сасновіч і Міхаэла Крайчэк. Беларуска саступіла дасведчанай прадстаўніцы краіны цюльпанаў першы сет – 4:6. Аднак потым лідар беларускай каманды ў адсутнасць Вікторыі Азаранкі ўзялася за справу і пераламала хаду паядынка. Сасновіч упэўнена ўзяла дзве партыі – 6:3, 6:2 і прынесла камандзе першае ачко.

У другім матчы дня Арына Сабаленка (142-і нумар сусветнай класіфікацыі) адчайна і на роўных змагалася з куды больш рэйтынгавай Кікі Бертанс (24-я ракетка свету), але ўсё ж саступіла ў трох сетах – 6:3, 6:7, 4:6. Кульмінацыя надышла ў другой партыі – Сабаленка на тай-брэку прайгравала 0:5, потым запар узяла 6 (!) розыгрышаў і мела матч-бол, але не вытрывала напругі і прайграла. Агульны лік матчу стаў 1-1.

У нядзелю тэнісісткі памяняюцца месцамі ў адзіночных паядынках, а потым пройдзе парная сустрэча, дзе Беларусь будуць прадстаўляць Вольга Гаварцова і Вера Лапко.

Беларускае Радыё Рацыя